Зимовыя сны (на белорусском языке) :: Мудров Винцесь
Страница:
20 из 41
Па вясковай вулiцы праехалiся лецьмя, уздымаючы ўгору пульхнаты сьняжок, што выпаў з ночы, а павярнуўшы на азярышчанскi бальшак, паехалi павольней. За шыбаю праплыла хата старой Карпачыхi, закiнуты калодзеж з асьверам, прыцярушаныя сьнегам яблынi i калгасная сталоўка, на ганку якой стаяла паварыха Пятроўна i, мяркуючы па ўсiм, завiхалася зь непадатным замком.
Натужлiвае выцьцё матора нарадзiла ў сэрцы неспакой. Яўхiм павярнуў голаў, прыцiснуўся шчакой да бакавой шыбы, спрабуючы ўгледзець родную хату, але нiчога не ўгледзеў апроч узьнятай коламi завiрухi i, уздыхнуўшы, перавёў позiрк на дарогу.
Машына тым часам агорала пад'ём, пайшла жвавей; у скронь ударыў струмок халоднага паветра i ён, гэты струмок, выпетрыў з галавы тужлiвыя думкi. Галава зьлёгку закружылася, сэрца забiлася часьцей, а ля гатаўскай павароткi, калi з-пад колаў выскачыў ашалелы заяц, забiлася так iмпэтна, што давялося пацерцi схаладнелыя грудзi гарачай даланёю. Васька пасыгналiў увасьлед вушастаму дуронiку, а Яўхiм, удыхнуўшы паветра, ашчадна кашлянуў у жменю i, зь невядомай прычыны, падняў ды зноўку паставiў ля ног сваю цяжкую валiзу.
Дарога ад Бычкоў да Азярышча на дзiва аднастайная: кусты, слупы, рэдкiя масты праз ручаiны i на ўсiм прасьцягу толькi адна вёска, ды i тая на тры хаты. Адразу за гатаўскай павароткай дарога забiрае ўлева, бяжыць уздоўж Гатаўскага возера i змучаныя бясконцым мiльгаценьнем кустоў вочы апаноўвае сьнежная роўнядзь. Упоперак белага цалiку вiецца працярэбленая рыбакамi сьцяжына.
|< Пред. 18 19 20 21 22 След. >|