Зимовыя сны (на белорусском языке) :: Мудров Винцесь
Страница:
21 из 41
Вочы чапляюцца за яе, потым губляюць, веi паволi зьлiпаюцца; у замарачным гудзе малакавозкi Яўхiму чуецца конскае пырханьне i машына, тузануўшыся раз астатнi, спыняецца. Ён адчыняе дзьверцы, апускае нагу на прыступку - хвiлю стаiць незварушна, а потым скача на сьнег i прастуе па цалiку, мерачыся ўзьбiцца на сьцяжыну.
Ззаду цяжка сапе Рыжык... Ён азiраецца, махае рукой старшыне Дабiжу. Старшына канчаткова выбiўся з сiл: стаiць, ухапiўшыся за дугу i, панурыўшы голаў, пускае густую сьлiну.
Яшчэ зранку тут была наежджаная танкеткамi дарога, а пасьля завiрухi ад дарогi не засталося й сьледу i яны не маглi даць рады прабiцца на другi бок возера.
Ён яшчэ раз азiрнуўся i пачуў як на супрацьлеглым беразе штосьцi бабахнула й навакольле напоўнiлася злавесным сьвiстам. Хваля пругкага паветра ўдарыла ў сьпiну i, падаючы, ён убачыў шэры слуп вады, якi ўзьняўся на тым мейсцы, дзе стаяў Дабiжа. Сьнег пад iм набрыняў вадой; ён паспрабаваў устаць i новы выбух узьняў яго ў паветра, убiў тварам у сьнег. Грудзiна ўмэнт узмакрэла - спачатку ад гарачага поту, а потым ад сьцюдзёнай вады i калi апаў сьнежны пыл, вушы напоўнiлiся шалёным конскiм ржаньнем. Небарака Рыжык чабохтаўся пасярод вялiкай палонкi, а потым, уськiнуўшы ўгору абрубак нагi, зьнiк зь вiдавоку i толькi адна аглобля засталася тырчэць у калыхлiвым шарашу, паволi хiтаючыся ў бокi.
- Рыжык! - хацеў крыкнуць Яўхiм, але ня змог удыхнуць паветра i, ратуючыся ад удушша, стукнуўся галавой у шыбу.
Сэрца шалёна калацiлася; ён хапнуў ротам паветра i з сардэчным клёкатам у горле аддзьмуўся.
Малакавозка гула паныла i аднастайна.
|< Пред. 19 20 21 22 23 След. >|