Genius loci (на белорусском языке) :: Орлов Владимир (2)
Страница:
1 из 45
---------------------------------------------
Орлов Владимир (2)
Genius loci (на белорусском языке)
Уладзiмiр Арлоў
Genius loci
Не буду спрачацца, iдэя належала табе, i я прыняў яе адразу - ты яшчэ не паспела пакiнуць у попелцы першы, патушаны з тваёй нязменнай дзiцячай стараннасцю недакурак. Памятаецца, я казаў табе, што, калi ты курыш першую цыгарэту, твар у цябе робiцца летуценным i адстаронена-незнаёмым - толькi крыху, але дастаткова для таго, каб выглядаць не тваiм, а - тваёй сястры-блiзнючкi, у якой усё такое самае i разам з тым - не. Падобнае ўражанне ўзнiкала i тады, як, сцiшыўшыся пасля апошнiх ласкаў, ты з лёгкiм уздрыгам мякка падала ў кароткi сон, а я, вартуючы яго, касавурыў вока на тваю галоўку, што ляжала побач на падушцы.
Iдэя была генiяльна простая: калi ўспамiнаць нашу кавярню, дык адну яе без усякiх прадмоў, эпiлогаў i розных лiрычных адхiлаў кшталту першай ранiцы, у якую мы прачнулiся абняўшыся, але бязгрэшныя, як пяцiкласнiкi, бо ў астатняе iмгненне ты, быццам жнiвеньская жужэлка, абавязкова прымудралася выслiзнуць. Альбо кшталту кладак над возерам з пахмурным найменнем Люхава, нават уначы насычаных сонечнай энергiяй, кладак i слоiка са светлякамi, чыё зеленаватае мiгценне зусiм не здавалася халодным...
Але мы дамовiлiся гаварыць выключна пра кавярню. Як на школьных уроках лiтаратуры: адзiнства часу, месца i дзеяння.
|< 1 2 3 4 5 След. >|