Ферма (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
21 из 102
Але ён заўсёды знаходзiў такiя цудоўныя прабачэннi i муркаў так прыязна, што было проста немагчыма не паверыць у яго добрыя намеры. Стары асёл Бэнджамiн, як здавалася, пасля Паўстання зусiм не змянiўся. Ён працаваў з той самай маруднай упартасцю, як i за часы Джоўнза, нiколi не ўхiляючыся, але i не беручы нiколi добраахвотна дадатковае працы. Пра Паўстанне i яго вынiкi ён звычайна не выказваў нiякiх думак. Калi ў яго пыталiся, цi шчаслiвейшы ён цяпер, пасля выгнання Джоўнза, ён звычайна адказваў: "Аслы жывуць доўга. Нiхто з вас яшчэ нiколi не бачыў мёртвага асла", i ўсе мусiлi задавольвацца гэтым загадкавым адказам.
Нядзелi былi вольныя ад працы. Снедалi на гадзiну пазней, чым звычайна, а пасля снядання адбывалася цырымонiя, якая неадменна паўтаралася кожны тыдзень. Спачатку паднiмалi сцяг. Сняжок быў знайшоў у рымарнi стары зялёны абрус мiсiс Джоўнз i намаляваў на iм белай фарбай падкову i рог. Сцяг паднiмаўся на флагштоку перад сядзiбай кожную нядзелю ранiцай. Сцяг быў зялёны, як тлумачыў Сняжок, таму што ён выяўляў зялёныя палi Англii, тым часам як падкова i рог азначалi будучую Рэспублiку Жывёлаў, якая паўстане, калi чалавечы род будзе канчаткова зрынуты. Пасля падняцця сцяга ўсе жывёлы iшлi гуртам у гумно на агульны збор, якi называўся Сходам. Тут планавалася праца на наступны тыдзень, высоўвалiся i абмяркоўвалiся розныя пастановы. Высоўвалi пастановы заўсёды свiннi. Iншыя жывёлы навучылiся галасаваць, але самi нiякiх прапаноў прыдумаць не маглi. Найбольш актыўнымi ў спрэчках былi Сняжок i Напалеон.
|< Пред. 19 20 21 22 23 След. >|