Ферма (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
23 из 102
Ён расказваў iм, што цяпер усе жывёлы таварышы i што любы верабей мог бы падысцi i сесцiяму на лапу; аднак вераб'i не наважвалiся падысцi блiжэй.
Гурткi ж па лiквiдацыi непiсьменнасцi якраз удалiся. Да восенi амаль кожная жывёлiна на ферме была ў пэўнай ступенi пiсьменная.
Што да свiнняў, дык яны ўжо выдатна ўмелi чытаць i пiсаць. Сабакi навучылiся чытаць даволi добра, але не выяўлялi асаблiвае ахвоты чытаць нешта, апроч Сямi Запаведзяў. Каза Мюрыэль навучылася чытаць крыху лепей за сабакаў i часам вечарамi чытала iншым з газетных шматкоў, якiя яна знаходзiла на сметнiку. Бэнджамiн умеў чытаць не горш за свiнняў, але нiколi не карыстаўся гэтым уменнем. Ён казаў, што, наколькi яму вядома, няма нiчога, што было б варта прачытаць. Канюшынка вывучыла ўсе лiтары, але не магла злучыць iх у словы. У Баксёра справа не йшла далей за D. Ён мог накрэслiць на пяску сваiм вялiзным капытом А, В, С, а тады, падцiснуўшы вушы, абаўрэла глядзеў на лiтары, часам патрэсваючы чубам, i што было моцы спрабаваў прыгадаць, што ж iдзе далей, але так нiколi i не прыгадваў. Часам, што праўда, яму ўдавалася вывучыць Е, F, G, Н, але да таго часу, як ён iх запомнiць, заўсёды выяўлялася, што ён ужо забыўся на А, В, С, D. Нарэшце ён пастанавiў, што яму хопiць i чатырох першых лiтар, i штодня раз цi два практыкаваўся пiсаць iх, каб асвяжыць памяць. Молi адмовiлася вучыць больш за чатыры лiтары, з якiх складалася яе iмя. Яна любiла акуратна выкладаць iх з галiнак i ўпрыгожваць параю кветачак, а пасля хадзiла навокал i захаплялася сваiм мастацтвам.
Нiводная iншая жывёлiна на ферме не пасунулася далей за лiтару А.
|< Пред. 21 22 23 24 25 След. >|