Ферма (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 25 из 102

Якраз здарылася так, што неўзабаве пасля сенакосу Джэсi i Званочак абедзве ашчанiлiся, спарадзiўшы на свет разам дзевяць здаровенькiх шчанятак. Як толькi яны адвучылiся ад матчынага малака, Напалеон забраў iх ад матак i сказаў, што сам паклапоцiцца аб iхнiм выхаваннi. Ён занёс iх на гарышча, куды можна было трапiць толькi па драбiне з рымарнi, i там трымаў iх у такiм адасобненнi, што ўсе на ферме неўзабаве пра iх забылiся.

У хуткiм часе раскрылася таямнiца таго, куды знiкала малако. Яго дамешвалi штодня ў ежу свiнням. Пачалi ўжо выспяваць раннiя яблыкi, i трава ў садзе была ўсыпаная ападкамi. Усе жывёлы меркавалi як пра нешта само сабой зразумелае, што яблыкi будуць дзялiць на ўсiх пароўну; аднак аднойчы выйшаў загад, паводле якога ўсе ападкi мусiлi сабраць i занесцi ў рымарню на спажытак свiнням. Нехта паспрабаваў наракаць, але нiчога не дапамагло. Усе свiннi былi аднадушныя ў гэтым пытаннi, нават Сняжок i Напалеон. Даць усiм iншым неабходныя тлумачэннi выслалi Вiскуна.

- Таварышы! - закрычаў ён. - Спадзяюся, вы не лiчыце, што мы, свiннi, робiм гэта дзеля эгаiзму або прывiлеяў? Шмат хто з нас папраўдзе не любiць малака i яблыкаў. Я i сам iх не люблю. Адзiнае, дзеля чаго мы iх ямо, - каб захаваць сваё здароўе. Малако i яблыкi (а гэта, таварышы, даказана навукай) змяшчаюць у сабе рэчывы, абсалютна неабходныя для добрага пачування свiнняў. Мы, свiннi, - працаўнiкi разумовае працы. Усё кiраванне фермаю i парадак на ёй залежаць ад нас. Удзень i ўночы мы клапоцiмся пра ваш дабрабыт. Вось жа якраз дзеля вас мы п'ём гэтае малако i ямо гэтыя яблыкi.

|< Пред. 23 24 25 26 27 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]