Ферма (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 31 из 102

Хто цяпер паверыць, што я зрабiў гэта не наўмысна?

- Без сантыментаў, таварыш! - закрычаў Сняжок, з чыiх ранаў усё яшчэ цякла кроў. - Вайна ёсць вайна. Добры чалавек - мёртвы чалавек.

- Я не хачу забiваць, нават людзей, - паўтарыў Баксёр, i вочы яго напоўнiлiся слязьмi.

- А дзе Молi? - усклiкнуў нехта.

Молi i сапраўды не было вiдаць. На хвiлiну ўзняўся вялiкi пярэпалах; баяяiся, што людзi маглi неяк ёй нашкодзiць або нават звесцi яе з сабою. Урэшце, аднак, яе знайшлi - яна хавалася ў сваiм стойле, засунуўшы галаву ў сена. Яна ўцякла, як толькi пачула стрэл. Аднак, калi ўсе вярнулiся з пошукаў, выявiлася, што памочнiк конюха, якi быў толькi аглушаны, паспеў ачомацца i ўцячы.

Жывёлы зноў сабралiся ўсе разам у вялiкiм узрушэннi i, перакрыкваючы адна адну, распавядалi пра свае подзвiгi ў бiтве. Тут жа адбылося iмправiзаванае святкаванне перамогi. Быў узняты сцяг, i колькi разоў запар былi праспяваныя "Звяры Брытанii", пасля адбылося ўрачыстае пахаванне палеглай у баi авечкi, i на яе магiле быў пасаджаны куст глогу. Сняжок выступiў над магiлаю з кароткай прамовай, падкрэслiўшы, што кожная жывёлiна мусiць быць гатовая загiнуць за Ферму Жывёлаў, калi гэта спатрэбiцца.

Жывёлы аднадушна пастанавiлi заснаваць ваенную ўзнагароду - медаль "Жывёла-Герой" першага класа, якi быў адразу ўручаны Сняжку i Баксёру. Гэты масянжовы медаль (у сапраўднасцi ж гэта былi масянжовыя бляхi, знойдзеныя ў рымарнi) належала насiць у нядзелi i святы. Заснавалi таксама медаль "Жывёла-Герой" другога класа, якiм пасмяротна ўзнагародзiлi забiтую авечку.

|< Пред. 29 30 31 32 33 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]