Ферма (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
32 из 102
Шмат спрачалiся аб тым, як назваць гэтую слаўную бiтву. Нарэшце яе назвалi Бiтва пры Хляве, бо якраз там хавалася засада. Стрэльбу мiстэра Джоўнза знайшлi ў гразi, а было вядома, што ў сядзiбе ёсць патроны. Вырашылi ўсталяваць стрэльбу ля флагштока ў якасцi гарматы i страляць з яе двойчы на год - дванаццатага кастрычнiка, у гадавiну Бiтвы пры Хляве, i ў дзень напярэдаднi Янавай ночы, у гадавiну Паўстання.
V
З наблiжэннем зiмы паводзiны Молi пачалi ўсё больш i больш непакоiць. Яна спазнялася на працу кожнай ранiцы, просячы прабачэння, што праспала, i скардзiлася на нейкi загадкавы боль, хоць апетыт у яе заставаўся цудоўны. За любою зачэпкай яна ўцякала з працы i iшла на вадапой, дзе падоўгу стаяла i ачмурэла ўзiралася ў сваё адлюстраванне ў вадзе. Але хадзiлi чуткi i пра нешта больш сур'ёзнае. Аднойчы, калi Молi бяздумна прахаджалася па двары, памахваючы сваiм даўгiм хвастом i жуючы былiнку, Канюшынка адвяла яе ўбок.
- Молi, - сказала яна, - мне трэба вельмi сур'ёзна з табой пагаварыць. Сёння ранiцай я бачыла, як ты глядзела праз агароджу, што аддзяляе Ферму Жывёлаў ад Фоксвуда. Адзiн з людзей мiстэра Пiлкiнгтана стаяў з таго боку агароджы. Я была вельмi далёка, але я амаль перакананая, што бачыла, як ён гаварыў з табой i ты дазваляла яму гладзiць свой нос. Што гэта значыць, Молi?
- Я там не была! Я гэтага не рабiла! Гэта няпраўда! - закрычала Молi i пачала вытапырвацца i бiць капытамi зямлю.
- Молi! Паглядзi мне ў вочы.
|< Пред. 30 31 32 33 34 След. >|