Ферма (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 33 из 102

Цi даеш ты мне слова гонару, што той чалавек не гладзiў табе нос?

- Гэта няпраўда! - паўтарыла Молi, але яна не магла паглядзець Канюшынцы ў вочы i кiнулася наўцёкi, паскакаўшы наўзгалоп у поле.

Тады Канюшынцы прыйшла ў галаву адна думка. Нiкому нiчога не кажучы, яна пайшла ў стойла Молi i адгарнула капытом салому. Пад саломаю была схаваная кучка кавалкаў цукру i некалькi скруткаў рознакаляровых стужак.

Праз тры днi Молi знiкла. Некалькi тыдняў нiхто не ведаў, куды яна падзелася, пакуль галубы не паведамiлi, што бачылi яе на другiм канцы Ўiлiнгдана. Яна стаяла запрэжаная ў прыгожую калымажку, пафарбаваную ў чырвонае i чорнае, што чакала каля карчмы. Тоўсты чырванатвары чалавек у клятчастых брыджах i гетрах, якi выглядаў на карчмара, гладзiў ёй нос i кармiў яе цукрам. Яна была нанова падстрыжаная, i ў грыве была ўплеценая пунсовая стужка. Вiдаць, яна вельмi добра бавiла час, як сказалi галубы. Нiхто з жывёлаў больш нiколi не згадваў пра Молi.

У студзенi настала суровае надвор'е. Зямля была Цвёрдая, як жалеза, i на полi не было чаго рабiць. У вялiкiм гумне адбывалася шмат сходаў, свiннi займалiся планаваннем працы на наступны сезон. Неяк само сабою склалася, што свiннi, якiя былi вiдавочна разумнейшыя за iншую жывёлу, вырашалi ўсе пытаннi, што датычылi фермы, хоць рашэннi i мелiся быць ухваленыя большасцю галасоў. I гэткi парадак дзеiў бы даволi добра, калi б не спрэчкi памiж Сняжком i Напалеонам. Гэтыя двое разыходзiлiся ў поглядах паўсюль, дзе толькi было магчымае разыходжанне.

|< Пред. 31 32 33 34 35 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]