Ферма (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 35 из 102

Агледзеўшы мясцовасць, Сняжок абвясцiў, што гэта сама прыдатнае месца для ветрака, якi б прыводзiў у рух генератар i забяспечваў ферму электрычнасцю. Гэта дазволiла б асвятлiць i ацяплiць узiмку стайнi, пусцiць у ход цыркулярную пiлу, сячкарню, буракарэзку i электрычную даiльную машыну. Жывёлы нiколi не чулi пра нешта падобнае (бо ферма была старая i мела толькi сама прымiтыўныя механiзмы) i здзiўлена слухалi, як Сняжок маляваў ва ўяўленнi дзiвосныя карцiны, як машыны будуць працаваць за iх, а самi яны тым часам будуць пасвiцца ўдосталь на полi або ўдасканальваць розум чытаннем i размовамi.

Праз некалькi тыдняў Сняжковы праекты ветрака былi цалкам гатовыя. Механiчныя падрабязнасцi паходзiлi галоўным чынам з трох кнiг, што належалi мiстэру Джоўнзу, - "Тысяча карысных парадаў па гаспадарцы", "Кожны сам сабе муляр" i "Электрычнасць для пачаткоўцаў". Сняжок выбраў сабе за кабiнет павець, якая некалi выкарыстоўвалася як iнкубатар i дзе была гладкая драўляная падлога, на якой добра маляваць. Ён зачыняўся там на цэлыя гадзiны. Заклаўшы патрэбную старонку каменем i зацiснуўшы кавалак крэйды памiж косткамi капыта, ён хуценька вадзiў iм сюды-туды, крэслячы лiнiю за лiнiяй i павiскваючы ад захаплення. Паступова чарцяжы ператварылiся ў складаную блытанiну шкiваў i шасцерняў, якая займала больш за палову падлогi i, хоць здавалася астатнiм жывёлам цалкам незразумелай, рабiла на iх вялiкае ўражанне. Усе яны прыходзiлi паглядзець на Сняжковы малюнкi, прынамсi, раз на дзень. Прыходзiлi нават куры i качкi, усяляк стараючыся не наступiць на крэйдавыя рыскi.

|< Пред. 33 34 35 36 37 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]