Ферма (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 36 из 102

Толькi Напалеон трымаўся наводдаль. Ён адразу выказаўся супраць ветрака. Але аднойчы ён нечакана прыйшоў прагледзець чарцяжы. Ён, цяжка ступаючы, абышоў паветку, прыгледзеўся да кожнай драбнiцы ў чарцяжах i нават раз цi два панюхаў iх, пасля пастаяў хвiлiнку, пазiраючы на iх краем вока; тады раптам падняў нагу, пабруiў на чарцяжы i выйшаў, не сказаўшы нi слова.

Памiж насельнiкамi фермы зазначыўся глыбокi падзел у пытаннi аб ветраку. Сняжок не адмаўляў, што пабудаваць яго - справа няпростая. Трэба будзе нанесцi камення i змураваць сцены, тады зрабiць крылы, а пасля гэтага спатрэбiцца генератар i правады. (Як усё гэта дастаць, Сняжок не казаў.) Але ён сцвярджаў, што ўсё гэта можна зрабiць за год. Затое пасля, абяцаў ён, будзе заашчаджана столькi працы, што жывёлам трэба будзе працаваць толькi тры днi на тыдзень. Напалеон, са свайго боку, падкрэслiваў, што вялiкай неабходнасцю бягучага моманту з'яўляецца павышэнне вытворчасцi харчоў i што калi яны будуць марнаваць час на пабудову ветрака, то яны ўсе памруць з голаду. Жывёлы падзялiлiся на дзве фракцыi: адна пад лозунгам "За Сняжка i трохдзённы тыдзень", а другая - "За Напалеона i поўнае карыта". Бэнджамiн быў адзiны, хто не далучыўся да нiводнай фракцыi. Ён не верыў нi ў тое, што пабольшае ежы ў карыце, нi ў тое, што вятрак заашчадзiць працу. Будзе вятрак або не будзе, казаў ён, жыццё ўсё адно будзе такое, якое было дагэтуль - гэта значыць кепскае.

Побач са спрэчкамi вакол ветрака гарачым было i пытанне абароны фермы.

|< Пред. 34 35 36 37 38 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]