Ферма (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 62 из 102

Тады адна авечка прызналася, што набруiла ў ставок з пiтной вадою - яна сказала, што яе на гэта падбiў Сняжок, - а яшчэ дзве авечкi павiнiлiся ў тым, што загубiлi старога барана, вельмi адданага прыхiльнiка Напалеона, тым, што ганялi яго, хворага на кашаль, вакол вогнiшча, пакуль ён не памёр. Усе яны былi забiтыя на месцы. I так чарада прызнанняў i пакаранняў працягвалася, пакуль каля ног Напалеона не ляжала ўжо цэлая гара мёртвых целаў i паветра не напоўнiлася смуродам крывi, невядомым на ферме з часоў выгнання Джоўнза.

Калi ўсё было скончана, ацалелыя жывёлы, апроч свiнняў i сабакаў, бязладным гуртом пацягнулiся прэч. Яны былi ўзрушаныя i няшчасныя. Яны не ведалi, што болей уразiла iх - здрада жывёлаў, якiя ўступiлi ў хаўрус з Сняжком, або крывавая адплата, сведкамi якое яны толькi што былi. Даўнейшымi часамi бывалi на ферме i не менш жахлiвыя сцэны крывавае бойнi, але ўсiм iм здавалася, што ўсё было значна страшней цяпер, калi гэта адбывалася памiж iмi. З таго часу, як Джоўнз пакiнуў ферму, i да гэтага дня нiводная жывёла нiколi не забiла iншае жывёлы. Не быў забiты нават нiводзiн пацук. Яны пакiравалiся да ўзгорка, на якiм стаяў недабудаваны вятрак, i, не згаворваючыся, леглi на зямлю, скупiўшыся, каб сагрэцца, - Канюшынка, Мюрыэль, Бэнджамiн, каровы, авечкi i цэлая чарада гусей i курэй - усе, апроч ката, якi раптоўна знiк якраз перад тым, як Напалеон загадаў жывёлам сабрацца. Нейкi час усе маўчалi. Адзiн Баксёр застаўся стаяць. Ён нервова круцiўся, абмахваючы даўгiм хвастом бакi, i час ад часу здзiўлена iржаў. Нарэшце ён сказаў:

- Я нiчога не разумею. Я нiколi не паверыў бы, што такое можа здарыцца на нашай ферме. Вiдаць, мы самi ў нечым вiнаватыя. Выйсце, на маю думку, у тым, што трэба працаваць яшчэ старанней.

|< Пред. 60 61 62 63 64 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]