Ферма (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
63 из 102
Цяпер я буду ўставаць ранiцай на цэлую гадзiну раней.
I ён няўклюдна патрухаў да кар'ера. Дабраўшыся туды, сабраў адну за адной дзве ношы камення, зацягнуў iх да ветрака i толькi тады пайшоў спаць.
Жывёлы скупiлiся вакол Канюшынкi i маўчалi. З пагорка, на якiм яны ляжалi, адкрываўся шырокi спазор на ваколiцы. Яны маглi бачыць большую частку Фермы Жывёлаў - даўгi выган, што цягнуўся да гасцiнца, сенажаць, гаёк, вадапой, узараныя палi, дзе ўжо зазелянела рунь, i чырвоныя дахi гаспадарчых будынкаў з дымам, што вiўся з комiнаў. Быў ясны вясновы вечар. Трава i жываплоты залацiлiся пад косымi промнямi сонца. Нiколi раней ферма - а яны са здзiўленнем успомнiлi, што гэта была iх ферма, кожны лапiк яе быў iхняю ўласнасцю - не здавалася такою ўтульнай i выгоднай. Канюшынка паглядзела на схiл пагорка, i вочы яе напоўнiлiся слязьмi. Калi б яна магла выказаць свае думкi, яна сказала б, што не да гэтага яны iмкнулiся, калi бралiся за справу вызвалення ад прыгнёту людзей. Гэты тэрор i забойствы былi зусiм не тым, пра што яны так марылi ў тую ноч, калi стары Маёр упершыню абудзiў iх на паўстанне. Калi яна раней мела нейкi вобраз будучынi, дык гэта было грамадства без голаду i бiзуна, дзе ўсе роўныя, кожны працуе паводле здольнасцяў, дужы баронiць слабога, як яна баранiла вывадак качанят, захiнуўшы iх пярэдняю нагой, у памятную ноч Маёравай прамовы.
|< Пред. 61 62 63 64 65 След. >|