Ферма (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 66 из 102

Але цяпер яны пабачылi, што Запаведзь не была парушаная, бо, бясспрэчна, была вельмi важкая прычына, каб забiць здраднiкаў, якiя схаўрусавалiся з Сняжком.

Увесь гэты год жывёлы працавалi яшчэ старанней, чым летась. Адбудаваць вятрак са сценамi ўдвая таўсцейшымi i скончыць пабудову да прызначанай даты, а пры гэтым выканаць i звычайную працу на ферме - усё гэта вымагала неверагодных высiлкаў. Часам жывёлам здавалася, што яны працуюць болей, а ядуць не лепей, чым за часы Джоўнза. Кожнае нядзелi ўранку Вiскун браў доўгi сувой паперы i чытаў iм спiсы лiчбаў, якiя сведчылi, што вытворчасць усiх вiдаў харчовай прадукцыi ўзрасла на дзвесце, трыста, часам нават i на пяцьсот працэнтаў. У жывёлаў не было нiякiх падставаў яму не верыць, асаблiва таму, што яны ўжо добра i не памяталi, у якiх умовах яны жылi да Паўстання. I ўсё ж былi днi, калi iм здавалася, што раней было менш лiчбаў i болей ежы.

Усе загады цяпер абвяшчалiся праз Вiскуна або яшчэ каго з свiнняў. Сам Напалеон паказваўся на свет не часцей чым раз на два тыднi. Калi ён з'яўляўся, пры iм быў не толькi сабачы почт, але i чорны певень, якi быў нiбы за трубача i крычаў гучнае "кукарэку!" кожны раз перад тым, як Напалеон збiраўся нешта сказаць. Казалi, што нават у сядзiбе Напалеон жыў у асобных ад усiх апартаментах. Харчаваўся ён асобна, над iм чуйнавалi два сабакi, i еў ён заўсёды з абеднага сервiзу "Краўн Дарбi", якi раней стаяў у шкляной шафе ў гасцёўнi. Было таксама абвешчана, што стрэльба будзе страляць штогод у дзень нараджэння Напалеона, гэтаксама як i ў дзве iншыя гадавiны.

|< Пред. 64 65 66 67 68 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]