Ферма (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 68 из 102

Часта можна было пачуць, як адна курыца кажа другой: "Пад кiраўнiцтвам нашага Правадыра таварыша Напалеона я знесла пяць яек за шэсць дзён"; або як дзве каровы на вадапоi радасна ўсклiкалi: "Дзякуючы кiраўнiчай ролi таварыша Напалеона сёння такая смачная вада!" Агульныя пачуццi на ферме былi добра выказаныя ў паэме, складзенай Маляткам, якая называлася "Таварыш Напалеон" i гучала так:

О сябар сiротам!

Крынiца цяпла i пяшчоты!

Памыйнi ўладар! Нi пакуты, нi голад, нi скон

Мне душу не азмрочаць,

Бо заўжды твае мудрыя вочы

Мне, як сонца з нябёсаў, зiхочуць,

Таварыш Напалеон!

Ты - дарыльшчык усёй той надобы,

Што падданым тваiм даспадобы:

Набiты трыбух i сухая падсцiлка на сон;

У хляве, як у раю,

Спiць спакойна худоба любая,

Бо нядрэмных вачэй не змыкае

Таварыш Напалеон!

Каб я меў парсючка-немаўляцi,

Гадаваў бы яго быццам мацi

I, пакуль яшчэ не распаўнеў, як качулка, ён,

Я яго навучаў бы старанна

Табе ў вочы глядзець закахана

I страчаць цябе вiскам адданым:

"Таварыш Напалеон!"

Напалеон ухвалiў гэтую паэму i загадаў напiсаць яе на сцяне вялiкага гумна, супрацьлеглай той, дзе былi Сем Запаведзяў. Над паэмай быў партрэт Напалеона ў профiль, выкананы Вiскуном белаю фарбай.

Тым часам, пры дапамозе Ўiмпэра, Напалеон уступiў у складаныя перамовы з Фрэдэрыкам i Пiлкiнгтанам. Штабель драўнiны быў усё яшчэ не прададзены. З гэтых дваiх Фрэдэрык болей iмкнуўся завалодаць ёю, але не хацеў саступаць у цане. Адначасова зноў папаўзлi чуткi, што Фрэдэрык з сваiмi людзьмi збiраецца напасцi на Ферму Жывёлаў i разбурыць вятрак, будаванне якога абудзiла ў iм лютую зайздрасць. Сняжок, як казалi, усё яшчэ хаваўся на Ферме Пiнчфiлд. Неяк у сярэдзiне лета жывёлаў вельмi ўзрушыла прызнанне трох курэй, што яны, падбухтораныя Сняжком, змовiлiся забiць Напалеона. Курэй неадкладна пакаралi смерцю, i былi прынятыя дадатковыя захады, каб ахаваць Напалеонава жыццё. Чатыры сабакi вартавалi яго ложак уначы, стоячы па адным з кожнага боку, а на маладога парсючка Жмурка быў ускладзены абавязак каштаваць усе стравы Напалеона, перш чым ён будзе iх есцi, каб праверыць, цi яны не атручаныя.

Прыблiзна ў той самы час было абвешчана, што Напалеон дамовiўся прадаць драўнiну мiстэру Пiлкiнгтану; ён таксама збiраўся заключыць сталае пагадненне на абмен некаторымi прадуктамi памiж Фермай Жывёлаў i Фоксвудам.

|< Пред. 66 67 68 69 70 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]