Ферма (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 69 из 102

Дачыненнi памiж Напалеонам i Пiлкiнгтанам, хоць яны i падтрымлiвалiся толькi праз Уiмпэра, былi цяпер амаль сяброўскiя. Жывёлы не давяралi Пiлкiнгтану як прадстаўнiку чалавечага роду, але аддавалi яму перавагу перад Фрэдэрыкам, якога яны баялiся i ненавiдзелi. З наблiжэннем восенi, калi вятрак быў ужо амаль пабудаваны, чуткi пра пагрозу здрадлiвага нападу зрабiлiся часцейшыя. Казалi, што Фрэдэрык меўся сабраць супраць iх дваццаць чалавек, узброеных стрэльбамi, i ўжо падкупiў суд i палiцыю, дамовiўшыся, што яны не будуць умешвацца, калi ён захопiць права на валоданне Фермаю Жывёлаў. Апроч таго, з Пiнчфiлда даходзiлi жахлiвыя весткi пра зверствы, якiя Фрэдэрык учыняў над сваiмi жывёламi. Ён засек да смерцi старога каня, марыў голадам кароў, забiў сабаку, кiнуўшы яго ў печку, а вечарамi забаўляўся тым, што прымушаў пеўняў бiцца, прывязаўшы iм да шпораў вострыя лёзы. У жывёлаў кроў кiпела ад гневу, калi яны чулi, што iх таварышы церпяць такiя здзекi, i часам яны патрабавалi, каб iм дазволiлi выйсцi самiм i напасцi на ферму Пiнчфiлд, выгнаць адтуль людзей i вызвалiць жывёлаў. Але Вiскун параiў iм устрымацца ад неразважлiвых дзеянняў i даверыцца стратэгii таварыша Напалеона.

Тым не меней нянавiсць да Фрэдэрыка расла. Аднойчы ў нядзелю ранiцай Напалеон выступiў у гумне i растлумачыў, што ён нiколi не меў намеру прадаць штабель драўнiны Фрэдэрыку; ён сказаў, што мець справу з такiм нягоднiкам было б абразаю ягонай годнасцi.

|< Пред. 67 68 69 70 71 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]