Ферма (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
70 из 102
Галубам, якiх усё яшчэ высылалi, каб разносiць весткi пра Паўстанне, было забаронена садзiцца ў Фоксвудзе, iм таксама было загадана адкiнуць iх ранейшы лозунг "Смерць чалавецтву" i замянiць яго на "Смерць Фрэдэрыку". Напрыканцы лета было выкрыта яшчэ адно Сняжкова злачынства. У збажыне было поўна пустазелля, i высветлiлася, што пад час аднаго з сваiх начных набегаў Сняжок перамяшаў насенне збожжа i пустазелля. Гусак, якi быў уцягнуты ў гэтую змову, прызнаўся Вiскуну ў сваiм злачынстве i тут жа скончыў жыццё самагубствам, праглынуўшы некалькi смяротна атрутных ягад лiснiку. Жывёлы цяпер таксама даведалiся, што Сняжок нiколi - як шмат хто з iх дагэтуль думаў - не быў узнагароджаны медалём "Жывёла-Герой" першага класа. Гэта была проста прыдумка, якую пашыраў сам Сняжок нейкi час пасля Бiтвы пры Хляве. А на самай справе яго не толькi не ўзнагародзiлi, але яшчэ i асудзiлi за баязлiўства ў бiтве. I зноў сяму-таму з жывёлаў было дзiўна гэта пачуць, але Вiскун хутка здолеў iх пераканаць, што памяць iх ашукала.
Увосень, цаною неверагодна цяжкiх намаганняў - бо амаль адначасова трэба было збiраць ураджай - будаўнiцтва ветрака было закончана. Заставалася яшчэ паставiць абсталяванне, i Ўiмпэр вёў перамовы наконт яго закупкi, але сам будынак ужо стаяў. Насуперак усiм цяжкасцям, нягледзячы на недасведчанасць, на недасканалыя прылады працы, на няшчасцi i нягоды i на здраду Сняжка, працу скончылi дакладна ў прызначаны дзень! Змучаныя, але гордыя жывёлы хадзiлi вакол свайго шэдэўра, якi здаваўся iм яшчэ прыгажэйшым, чым той, што яны збудавалi першы раз.
|< Пред. 68 69 70 71 72 След. >|