Ферма (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 71 из 102

Тым болей што сцены цяпер былi ўдвая таўсцейшыя. Нiякi выбух iм цяпер не страшны! I калi яны падумалi, колькi паклалi працы i пакутаў, колькi сцярпелi нягодаў i якiя велiзарныя перамены настануць у iх жыццi, калi пачнуць круцiцца крылы i запрацуюць генератары, - калi яны падумалi пра ўсё гэта, стома пакiнула iх, i яны пачалi скакаць вакол ветрака i крычаць ад радасцi. Сам Напалеон, з неадлучнымi сабакамi i пеўнем, выйшаў агледзець завершаную працу; ён асабiста павiншаваў жывёлаў з вялiкiм дасягненнем i абвясцiў, што вятрак будзе насiць назву Вятрак iмя Напалеона.

Праз два днi жывёлаў склiкалi ў гумно на адмысловы сход. Iм аж мову заняло ад здзiўлення, калi Напалеон паведамiў, што прадаў штабель драўнiны Фрэдэрыку. На другi дзень Фрэдэрык меўся прыгнаць фурманкi i пачаць перавозку. Увесь час свайго ўяўнага сяброўства з Пiлкiнгтанам Напалеон быў у сакрэтным пагадненнi з Фрэдэрыкам.

Усе дачыненнi з Фоксвудам спынiлiся, Пiлкiнгтану былi пасланыя абразлiвыя лiсты. Галубам было загадана пазбягаць ферму Пiнчфiлд i змянiць свой лозунг "Смерць Фрэдэрыку" на "Смерць Пiлкiнгтану". У той самы час Напалеон запэўнiў жывёлаў, што чуткi аб рыхтаваным нападзе на Ферму Жывёлаў былi цалкам фальшывыя i што апавяданнi пра Фрэдэрыкаву жорсткасць да сваiх жывёлаў моцна перабольшаныя. Усе гэтыя погаласкi паходзiлi, вiдаць, ад Сняжка i яго агентаў. Цяпер выявiлася, што Сняжок не хаваецца на ферме Пiнчфiлд i што ён там нiколi ў жыццi не быў, а жыў ён - як казалi, у поўнай раскошы - у Фоксвудзе i ўжо некалькi гадоў быў наёмнiкам Пiлкiнгтана.

|< Пред. 69 70 71 72 73 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]