Ферма (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
72 из 102
Свiннi былi ў захапленнi ад Напалеонавай хiтрасцi. Прыкiнуўшыся, што сябруе з Пiлкiнгтанам, ён змусiў Фрэдэрыка падвысiць плату на дванаццаць фунтаў. Але найвышэйшая якасць Напалеонавага розуму, казаў Вiскун, выявiлася ў тым, што ён не давяраў нiкому, нават Фрэдэрыку. Фрэдэрык хацеў заплацiць за драўнiну нечым, што ён назваў чэкам, якi, кажуць, быў кавалкам паперкi з напiсаным абяцаннем заплацiць. Але Напалеон не такi дурны. Ён запатрабаваў заплацiць сапраўднымi пяцiфунтавымi банкнотамi, якiя павiнны быць перададзеныя, перш чым драўнiна будзе перавезеная. Фрэдэрык ужо заплацiў; i атрыманае сумы якраз хапала на тое, каб купiць абсталяванне да ветрака.
Тым часам драўнiна спешна перавозiлася. Калi ўсё было скончана, у гумне склiкалi яшчэ адзiн адмысловы сход, каб агледзець Фрэдэрыкавы банкноты. Начапiўшы абедзве свае ўзнагароды, шчасна пасмiхаючыся, Напалеон ляжаў на саламяным подсцiле, а побач з iм, раўнютка складзеныя на парцалянавай талерцы з панскай кухнi, ляжалi грошы. Жывёла павольна праходзiла паўз iх, i кожны глядзеў, колькi хацеў. Баксёр нахiлiўся, каб панюхаць банкноты, i лёгкiя белыя паперкi задрыжалi i зашалахцелi пад яго ўздыхам.
Праз тры днi ўзняўся страшэнны гармiдар. Спалатнелы Ўiмпэр прыехаў на ровары, кiнуў яго ў двары i пабег што меў сiлы да сядзiбы. Праз хвiлiну шалёны крык абурэння пачуўся з апартаментаў Напалеона. Як лясны пажар, разнеслася па ферме страшная навiна.
|< Пред. 70 71 72 73 74 След. >|