Ферма (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
73 из 102
Банкноты фальшывыя! Фрэдэрык атрымаў драўнiну за нiшто!
Напалеон неадкладна склiкаў жывёлаў i страшным голасам абвясцiў смяротны прысуд Фрэдэрыку. Калi яго ўдасца злавiць, сказаў ён, Фрэдэрык будзе звараны жыўцом. У той самы час ён папярэдзiў, што пасля такой вялiкай здрады можна чакаць найгоршага. Фрэдэрык i яго людзi маглi распачаць свой даўно планаваны напад у любы момант. На ўсiх падыходах да фермы былi расстаўлены вартавыя. Да таго ж чатыры галубы былi пасланыя ў Фоксвуд з прымiрэнчым пасланнем, якое, як спадзявалiся, магло б аднавiць добрыя стасункi з Пiлкiнгтанам.
Напад адбыўся якраз наступнай ранiцай. Жывёлы снедалi, калi назiральнiкi прыбеглi з весткай, што Фрэдэрык i яго памагатыя ўжо прайшлi праз вялiкую ўваходную браму. Даволi адважна жывёлы выправiлiся iм насустрач, але гэтым разам iм не ўдалася лёгкая перамога, як у Бiтве пры Хляве. На iх iшло пятнаццаць чалавек з паўтузiнам стрэльбаў, i яны пачалi страляць, калi падышлi на пяцьдзесят ярдаў. Жывёлы не маглi выстаяць перад жахлiвымi выбухамi стрэлаў i пякучымi шрацiнамi i, нягледзячы на спробы Напалеона i Баксёра стрымаць iх, неўзабаве адступiлi. Некаторыя з iх былi ўжо параненыя. Яны схавалiся ў гаспадарчых будынках i асцярожна выглядалi праз дзiркi i шчылiны. Увесь выган, разам з ветраком, быў цяпер у руках ворага. На хвiлiну здалося, што нават Напалеон разгубiўся. Ён моўчкi хадзiў сюды-туды, торгаючы раскручаным хвастом. З надзеяй i спадзяваннем усе паглядалi ў бок Фоксвуда. Калi б Пiлкiнгтан з сваiмi людзьмi дапамог iм, яны б яшчэ маглi перамагчы.
|< Пред. 71 72 73 74 75 След. >|