Ферма (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
74 из 102
Але ў гэтую хвiлiну вярнулiся чатыры галубы, высланыя напярэдаднi, i адзiн з iх перадаў шматок паперы ад Пiлкiнгтана. На iм было напiсана алоўкам: "Так вам i трэба".
Тым часам Фрэдэрык i яго людзi спынiлiся каля ветрака. Жывёлы глядзелi на iх з трывогай. Двое людзей дасталi лом i кавальскi молат. Яны збiралiся разбурыць вятрак.
- Гэта немагчыма! - закрычаў Напалеон. - Сцены занадта тоўстыя. Яны не разаб'юць iх i за тыдзень. Не падайце духам, таварышы!
Але Бэнджамiн уважлiва прыглядаўся да кожнага руху людзей. Двое з молатам i ломам прабiвалi дзiрку каля падмурка ветрака. Бэнджамiн, амаль з задаволеным выглядам, павольна кiваў сваёй доўгай храпай.
- Я так i думаў, - сказаў ён. - Хiба вы не бачыце, што яны робяць? Праз хвiлiну яны закладуць у тую дзiрку порах.
Жывёлы напалохана чакалi. Яны не маглi рызыкнуць выйсцi з сваiх сховiшчаў. Праз некалькi хвiлiн яны ўбачылi, што людзi ўцякаюць ва ўсе бакi. Тады нешта аглушальна грымнула. Галубы рванулiся ў неба, а ўсе жывёлы, апроч Напалеона, пападалi на зямлю i схавалi галовы. Калi яны ўсталi, то ўбачылi вялiзны воблак чорнага дыму на тым месцы, дзе стаяў вятрак. Воблак паволi развеяўся ветрам. Ветрака болей не было!
Калi жывёлы ўбачылi гэта, да iх вярнулася адвага. Страх i роспач, якiя яны адчувалi хвiлiну раней, цяпер патанулi ў раз'юшаным гневе, абуджаным гэтым подлым, ганебным учынкам. Пачуўся магутны заклiк да помсты, i, не чакаючы далейшых загадаў, яны ўсiм гуртам рынулiся наперад i пабеглi проста на ворага. Цяпер яны не зважалi на лiхiя шрацiны, якiя градам праляталi над iмi. Гэта была жорсткая, зацятая бiтва.
|< Пред. 72 73 74 75 76 След. >|