Ферма (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 77 из 102

Жывёлам, палеглым у баi, было зладжана ўрачыстае пахаванне. Баксёр i Канюшынка цягнулi калёсы, што былi за катафалк, i сам Напалеон ступаў на чале шэсця. Цэлыя два днi былi дадзеныя на святкаванне. Было шмат песняў, прамоў, стрэльбаў са стрэльбы, i кожнай жывёлiне выдалi па яблыку ў якасцi падарунка, кожнай птушцы - па дзве унцыi збожжа i кожнаму сабаку па тры сухары. Было абвешчана, што гэтая бiтва будзе называцца Бiтвай пры Ветраку i што Напалеон заснаваў новую ўзнагароду - Ордэн Зялёнага Сцяга, якiм ён узнагародзiў самога сябе. У агульнай радасцi няўдалая справа з банкнотамi зусiм забылася.

Праз колькi дзён свiннi натрапiлi на скрынку з вiскi ў сядзiбным склепе. Раней, калi засялiлiся ў сядзiбу, яе проста не заўважылi. Уначы з сядзiбы даносiлiся гучныя спевы, у якiх сярод iншага, усiм на здзiўленне, можна было пазнаць "Звяры Брытанii". Каля паловы дзесятай можна было выразна ўбачыць, як Напалеон выйшаў праз заднiя дзверы ў старым капелюшы мiстэра Джоўнза, прабег наўзгалоп па двары i знiк у доме. А ранiцай над сядзiбай панавала глыбокая цiшыня. Не паказвалася нiводная свiння. Толькi каля дзевятай гадзiны з сядзiбы выйшаў Вiскун, ступаючы павольна i няўпэўнена, паглядаючы тупа перад сабою, млява звесiўшы хвост. З усяго выгляду было вiдаць, што ён сур'ёзна хворы. Ён склiкаў усiх жывёл i сказаў, што мусiць паведамiць iм страшную навiну. Таварыш Напалеон памiрае!

Узняўся несуцешны лямант. Пад дзвярыма ў сядзiбу была накладзена салома, i жывёлы хадзiлi на дыбачках.

|< Пред. 75 76 77 78 79 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]