Ферма (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
79 из 102
Нiхто з жывёлаў не мог даўмецца, што гэта ўсё магло значыць, апроч старога Бэнджамiна, якi пакiваў храпай з выглядам знаўцы i, здавалася, зразумеў, але нiчога не сказаў.
Але праз некалькi дзён Мюрыэль, перачытваючы сама сабе Сем Запаведзяў, заўважыла, што сярод iх была яшчэ адна, якую жывёлы запомнiлi памылкова. Яны думалi, што ў Пятай Запаведзi напiсана: "Нiводная жывёла не павiнна пiць гарэлку", але там былi яшчэ два словы, пра якiя яны ўжо забылiся. У сапраўднасцi Запаведзь гучала: "Нiводная жывёла не павiнна пiць гарэлку звыш меры".
IX
Расшчэплены Баксёраў капыт загойваўся вельмi доўга. Адбудова ветрака пачалася праз дзень пасля таго, як скончылася святкаванне перамогi. Баксёр адмовiўся ўзяць нават адзiн выхадны дзень i лiчыў для сябе справай гонару не паказаць, што яму балiць. Вечарамi ён патаемна прызнаваўся Канюшынцы, што боль у капыце вельмi яго непакоiў. Канюшынка лячыла капыт прыпарамi з зёлак, якiя яна гатавала, папярэдне iх пражаваўшы, i разам з Бэнджамiнам прасiла Баксёра працаваць не так заўзята. "Лёгкiя ў каня трываюць не вечна", - казала яна яму. Але Баксёр не слухаў. У яго засталася, казаў ён, толькi адна сапраўдная мара пабачыць, як будзе працаваць вятрак, а тады ўжо можна i пайсцi на пенсiю.
Напачатку, калi ўпершыню былi сфармуляваныя законы Фермы Жывёлаў, пенсiйны ўзрост быў вызначаны для коней i свiнняў дванаццаць, для кароў чатырнаццаць, для сабакаў дзевяць, для авечак сем i для курэй ды гусей пяць гадоў. Дамовiлiся i наконт добрай пенсii па старасцi.
|< Пред. 77 78 79 80 81 След. >|