Ферма (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 85 из 102

Апроч звычайнай працы на ферме i на адбудове ветрака, яны мусiлi цяпер будаваць школу парасятам, закладзеную ў сакавiку. Часам было цяжка трываць доўгiя гадзiны на галоднай норме, але Баксёр нiколi не вагаўся. Ва ўсiм, што б ён нi казаў або нi рабiў, не было i знаку, што сiла ў яго была ўжо не тая, што раней. Толькi з выгляду ён крыху змянiўся: скура ў яго ўжо не блiшчала, як раней, а яго магутныя заднiя ногi нiбы ссохлiся. Iншыя казалi: "Баксёр ачуняе, калi ўвесну ўзыдзе трава", але настала вясна, а Баксёр так i не пагладчэў. Часам, калi ён напружваў цяглiцы, выкочваючы з кар'ера вялiзны валун, здавалася, што толькi нязломнае жаданне трымала яго на нагах. У гэткiя хвiлiны можна было пабачыць, як у вуснах ягоных складаюцца словы: "Я буду працаваць яшчэ старанней"; голасу ў яго ўжо не засталося. Канюшынка i Бэнджамiн зноў папярэдзiлi яго, каб ён дбаў пра здароўе, але Баксёр на iх не зважаў. Наблiжаўся дзень, калi яму споўнiцца дванаццаць гадоў. Яго гэта не хвалявала, бо да таго, як яму iсцi на пенсiю, была ўжо назбiраная ладная крушня камення.

Адным познiм летнiм вечарам па ферме пранеслася раптоўная чутка, нiбыта нешта здарылася з Баксёрам. Перад тым ён пайшоў адзiн сцягваць каменне да ветрака. I, вiдаць, чутка была праўдаю. Праз некалькi хвiлiн прыляцелi два галубы з навiною: "Баксёр упаў! Ён ляжыць на баку i не можа ўстаць!"

Каля паловы ўсiх жывёлаў кiнулiся да пагорка, на якiм стаяў вятрак. Баксёр ляжаў мiж аглобляў, выцягнуўшы шыю, i не мог нават падняць галавы. Вочы ў яго зацьмелiся, бакi набрынялi потам.

|< Пред. 83 84 85 86 87 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]