Ферма (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
87 из 102
I праз якiх паўгадзiны, калi Баксёр крышку ачуняў, ён з цяжкасцю ўстаў на ногi i памалу пакульгаў да свайго стойла,дзе Канюшынка i Бэнджамiн падрыхтавалi яму добры саламяны подсцiл.
Два наступныя днi Баксёр заставаўся ў стойле. Свiннi прыслалi вялiкую бутлю з нейкiм ружовым зеллем, якую яны знайшлi ў медыцынскай скрынi ў ванным пакоi, i Канюшынка давала яго Баксёру двойчы на дзень пасля ежы. Вечарамi яна ляжала побач з iм у стойле i гаварыла з iм, а Бэнджамiн тым часам адганяў ад яго мух. Баксёр прызнаваўся, што ён не шкадуе аб тым, што здарылася. Калi ён паздаравее, дык зможа пражыць яшчэ гады тры, i ён марыў пра спакойныя днi, калi будзе адпачываць у зацiшным кутку вялiкага выгану. Упершыню ён будзе мець досыць вольнага часу, каб вучыцца i практыкаваць свой розум. Ён збiраўся, як сам казаў, прысвяцiць усё сваё астатняе жыццё вывучэнню астатнiх дваццацi дзвюх лiтар алфавiта.
Аднак Бэнджамiн i Канюшынка маглi быць разам з Баксёрам толькi пасля працы, а фургон, што меўся забраць яго, прыехаў якраз у сярэдзiне працоўнага дня. Усе жывёлы працавалi на праполцы рэпы пад наглядам свiннi, калi яны раптам са здзiўленнем убачылi, як Бэнджамiн ляцiць наўзгалоп ад фермы, крычучы на ўсю глотку. Упершыню яны бачылi Бэнджамiна ўзрушанага i ўпершыню бачылi, як ён бяжыць. "Хутчэй, хутчэй! - крычаў ён. - Сюды! Баксёра забiраюць!" Не чакаючы загаду ад свiннi, жывёлы спынiлi працу i кiнулiся бегчы да будынкаў. I праўда, на двары стаяў вялiкi закрыты фургон, у якi была ўпрэжана пара коней, на баку было нешта напiсана, а за фурмана сядзеў хiтраваты чалавек у насунутым на вочы капелюшы. I Баксёрава стойла было пустое.
|< Пред. 85 86 87 88 89 След. >|