Ферма (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
88 из 102
Жывёлы скупiлiся вакол фургона. "Бывай, Баксёр, - крычалi яны хорам, бывай!"
- Дурнi! Дурнi! - закрычаў Бэнджамiн, скачучы вакол iх i б'ючы аб зямлю сваiмi маленькiмi капытамi. - Дурнi! Вы што, не бачыце, што напiсана на фургоне?
Жывёлы на хвiлiну задумалiся, i стала цiха. Мюрыэль пачала чытаць па складах. Але Бэнджамiн адштурхнуў яе i прачытаў сярод мёртвай цiшынi:
- "Элфрэд Сiмандс, канарэз i клеявар, Уiлiнгдон. Лупленне скур i выраб касцяной мукi. Дастаўка сабачых будак". Вы што, не разумееце, што гэта значыць? Яны вязуць Баксёра на скуралупню!
Ва ўсiх жывёлаў вырваўся крык жаху. У гэтую хвiлiну чалавек сцебануў коней, i тыя хуткай рыссю павезлi фургон прэч з двара. Жывёлы пабеглi за iм, крычучы што мелi сiлы. Канюшынка вырвалася наперад. Фургон пачаў набiраць хуткасць. Канюшынка паспрабавала перайсцi на галоп, перабiраючы сваiмi тоўстымi нагамi. "Баксёр! - крычала яна. - Баксёр! Баксёр! Баксёр!" I якраз у гэты момант, нiбы пачуўшы шум i крыкi звонку, Баксёр высунуў галаву з белай паласой на носе з маленькага акенца ў задняй сценцы фургона.
- Баксёр! - закрычала страшным голасам Канюшынка. - Баксёр! Уцякай! Уцякай хутчэй! Яны хочуць цябе забiць!
Усе жывёлы падхапiлi крык: "Уцякай, Баксёр, уцякай!" Але фургон усё хутчэй i хутчэй аддаляўся ад iх. Невядома, цi зразумеў Баксёр тое, што сказала яму Канюшынка. Але праз хвiлiну галава яго знiкла з акенца i пачуўся страшэнны стукат капытоў у фургоне. Ён спрабаваў вырвацца.
|< Пред. 86 87 88 89 90 След. >|