Ферма (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
89 из 102
Былi часы, калi пары ўдараў Баксёравых капытоў хапiла б, каб разбiць гэты фургон на трэскi. Але, на жаль, колiшняя сiла пакiнула яго; i праз некалькi хвiлiн стукат капытоў зрабiўся слабейшы, а пасля зусiм сцiх. У роспачы жывёлы пачалi заклiкаць двух коней, што везлi фургон, каб яны спынiлiся. "Таварышы, таварышы! - крычалi яны. - Не вязiце вашага брата на смерць!" Але дурныя стварэннi, занадта бязглуздыя, каб зразумець, што робiцца, апусцiлi вушы i пабеглi яшчэ хутчэй. Баксёрава галава больш не паказвалася ў акенцы. Нехта надумаў забегчы наперад i зачынiць цяжкую браму, але было позна: праз хвiлiну фургон мiнуў браму i неўзабаве знiк за паваротам. Больш Баксёра нiколi не бачылi.
Праз тры днi было абвешчана, што ён памёр у Ўiлiнгдонскiм шпiталi, нягледзячы на ўсю дапамогу з боку лекараў. Вiскун пераказаў гэтую навiну астатнiм. Ён прысутнiчаў, як ён сказаў, пры апошнiх гадзiнах Баксёравага жыцця.
- Гэта было сама кранальнае вiдовiшча, якое я толькi бачыў, - сказаў Вiскун, падняўшы нагу i змахнуўшы слязу. - Я быў каля ложка да апошняй хвiлiны. Перад самай смерцю, ужо не могучы гаварыць ад слабасцi, ён прашаптаў мне на вуха, што яго засмучае толькi тое, што ён адыходзiць, калi вятрак яшчэ недабудаваны. "Наперад, таварышы, - прашаптаў ён. - Наперад у iмя Паўстання. Няхай жыве Ферма Жывёлаў! Няхай жыве таварыш Напалеон! Напалеон заўсёды кажа праўду". Такiя былi яго апошнiя словы, таварышы.
Раптам у паводзiнах Вiскуна наступiла змена. На хвiлiну ён змоўк, пасля, перш чым прадоўжыць, падазрона зiркнуў у бакi сваiмi маленькiмi вочкамi.
|< Пред. 87 88 89 90 91 След. >|