Ферма (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
93 из 102
Аднак жа неяк здавалася, што хоць ферма i пабагацела, самi жывёлы багацейшымi не зрабiлiся - апроч, вядома, свiнняў i сабакаў. Можа, часткова гэта тлумачылася тым, што цяпер было вельмi шмат свiнняў i вельмi шмат сабакаў. I не сказаць, каб гэтыя стварэннi на свой манер не працавалi. Вiскун нiколi не стамляўся тлумачыць, што ў iх было незвычайна шмат працы ў даглядзе за фермай i яе арганiзацыi. Але збольшага гэта была такая праца, што астатнiя жывёлы былi занадта дурныя, каб зразумець яе сэнс. Напрыклад, Вiскун казаў, што свiнням даводзiлася трацiць штодня шмат часу i сiлы на нейкiя загадкавыя рэчы, што звалiся "даклады", "справаздачы", "пратаколы" i "дакладныя запiскi". Гэта былi вялiкiя аркушы паперы, якiя трэба было густа запоўнiць лiтарамi, i як толькi яны былi запоўненыя, iх палiлi ў печы. Усё гэта надзвычай важнае для павышэння дабрабыту фермы, казаў Вiскун. Аднак усё ж нi свiннi, нi сабакi не выраблялi сваёй працай ежы; а iх было вельмi шмат, i апетыт яны заўсёды мелi добры.
Што да астатнiх, дык iх жыццё, наколькi яны ведалi, было такое самае, як i заўсёды. Звычайна яны былi галодныя, спалi на саломе, пiлi з лужыны i цяжка працавалi на полi; узiмку iх даймаў холад, улетку аваднi i мухi. Часам старэйшыя з iх напружвалi сваю слабую памяць i спрабавалi вызначыць, цi ў даўнiя днi Паўстання, калi яшчэ быў свежы ўспамiн пра выгнанне Джоўнза, усё было лепшае цi горшае, чым цяпер. Яны не маглi прыгадаць. Не было нiчога, з чым яны маглi б параўнаць сваё цяперашняе жыццё: iм не было на што абаперцiся, калi толькi не на Вiскуновы лiчбы, якiя нязменна паказвалi, што ўсё навокал няспынна паляпшалася.
|< Пред. 91 92 93 94 95 След. >|