Ферма (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 95 из 102

Можа быць, жыццё ў iх было цяжкае i не ўсе iх спадзяваннi спраўдзiлiся, але яны ўсведамлялi, што яны былi не такiя, як iншыя жывёлы. Калi яны галадалi, дык не таму, што iм даводзiлася кармiць бязлiтасных ненажэрных людзей; калi яны цяжка працавалi, дык, прынамсi, працавалi на сябе. Нiхто сярод iх не хадзiў на дзвюх нагах. Нiхто з iх не называў адзiн аднаго "Гаспадар". Усе жывёлы былi роўныя.

Аднойчы на пачатку лета Вiскун загадаў авечкам iсцi за iм i вывеў iх на вялiкую пустку на другiм канцы фермы, парослую маладымi бярозкамi. Авечкi прабылi там увесь дзень, скубучы лiсце пад пiльным наглядам Вiскуна. Увечары ён вярнуўся ў сядзiбу сам, а авечкам сказаў заставацца на месцы, бо надвор'е было цёплае. I гэтак яны прабылi там цэлы тыдзень, так што нiхто з астатнiх жывёлаў iх не бачыў. Вiскун быў з iмi большую частку кожнага дня i вучыў iх, як ён казаў, спяваць новую песню, якая патрабавала шмат стараннасцi i цярплiвасцi.

I вось адным пагодным вечарам, якраз пасля вяртання авечак, калi жывёлы скончылi працу ды iшлi да гаспадарчых будынкаў, з двара данеслася спалоханае ржанне. Жывёлы з перапуду спынiлiся. Яны пазналi голас Канюшынкi. Яна зноў заржала, i ўсе жывёлы наўзгалоп пабеглi ў двор. I яны ўбачылi тое, што пабачыла Канюшынка.

Яны ўбачылi свiнню, якая iшла на заднiх нагах.

Так, гэта быў Вiскун. Трохi нязграбна, быццам не зусiм прызвычаены трымаць сваё важкае цела ў такой паставе, але з выдатным адчуваннем раўнавагi, ён iшоў праз двор. А праз хвiлiну з дзвярэй сядзiбы выйшла даўгая чарада свiнняў, i ўсе на заднiх нагах.

|< Пред. 93 94 95 96 97 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]