1984 (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
10 из 72
тады былi яшчэ выдатныя кадры з дзiцячай рукой што ляцела ўгору ўгору ўгору ўсё вышэй i вышэй у паветра напэўна верталет з камерай у кабiне ляцеў за ёй i было шмат воплескаў з партыйных ложаў але адна жанчына ўнiзе дзе сядзяць пролы ўзняла гвалт i пачала крычаць што гэткае нельга паказваць дзецям гэткае дзецi не павiнны бачыць пакуль палiцыя не выкiнула яе вонкi я не думаю што з ёй нешта асаблiвае здарылася нiхто не зважае на тое што кажуць пролы тыповая пролаўская рэакцыя яны нiколi...
Ўiнстан спынiўся, бо ў яго здранцвелi пальцы. Ён не ведаў, што прымушала яго вылiваць з сябе гэты бязладны паток слоў. Але дзiўным было тое, што, пакуль ён гэта рабiў, у яго ў галаве прасвятлiўся зусiм iншы ўспамiн, ды так выразна, што ён амаль быў здольны яго запiсаць. Цяпер ён зразумеў, што якраз тое другое здарэнне было прычынай яго раптоўнага вяртання дадому i намеру пачаць пiсаць дзённiк сёння.
Гэта адбылося таго самага дня ранiцай у Мiнiстэрстве, калi ўвогуле можна сказаць "адбылося" пра нешта няяснае, няўлоўнае, неакрэсленае.
Было амаль адзiнаццаць нуль-нуль, i ў аддзел дакументацыi, дзе працаваў Ўiнстан, вынеслi крэслы з кабiнетаў i паставiлi iх пасярод залы насупраць вялiкага тэлегляда, бо павiнна была пачацца Двуххвiлiнка Нянавiсцi. Ўiнстан якраз сядаў на сваё месца ў адным з сярэднiх радоў, калi ў залу нечакана ўвайшлi дзве асобы. Ён ведаў iх з твару, але нiколi не абмяняўся з iмi анi словам. Адна з iх была дзяўчына, якую ён часта сустракаў у калiдорах. Ён не ведаў яе iмя, ведаў толькi, што працавала яна ў аддзеле мастацкай лiтаратуры. Ён бачыў некалькi разоў, як яна несла гаечныя ключы, рукi яе былi ў машыннай змазцы - напэўна, яна выконвала нейкiя тэхнiчныя функцыi пры адным з раманапiсальных варштатаў. Гэта была нахабная з выгляду дзяўчына гадоў дваццацi сямi, з густымi чорнымi валасамi, рабацiнiстым тварам i хуткiмi пругкiмi рухамi.
|< Пред. 8 9 10 11 12 След. >|