1984 (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
8 из 72
Але мусiла быць нешта блiзкае да гэтага, бо ён з пэўнасцю ведаў, што яму самому трыццаць дзевяць гадоў, а нарадзiўся ён у 1944 або 1945 годзе. I ўсё ж цяпер было немагчыма вызначыць дату з дакладнасцю да аднаго цi двух гадоў.
Дзеля каго ён пiша гэты дзённiк, раптам узнiкла ў галаве пытанне. Дзеля будучынi, дзеля нашчадкаў. Яго думкi круцiлiся яшчэ нейкую хвiлiну вакол гэтае няпэўнае даты на першай старонцы i раптам наткнулiся на навамоўнае слова двухдумства. I ён упершыню адчуў усю значнасць свайго намеру. Як можна зносiцца з будучыняй? Паводле яе сутнасцi, гэта немагчыма. Калi б будучыня была падобная да сучаснасцi, дык тады б яна не стала яго слухаць; калi ж будучыня - нешта зусiм iншае, дык тады яго цяперашняе замяшанне не мае нiякага сэнсу.
Нейкi час ён сядзеў, ачмурэла ўтаропiўшы вочы ў паперу. Тэлегляд трансляваў грымлiвую вайсковую музыку. Дзiўна, але Ўiнстану здавалася, што ён не толькi страцiў здольнасць выказвацца, але забыўся нават на тое, пра што збiраўся сказаць. Тыднямi рыхтаваўся ён да гэтага, i нiколi яму не прыходзiла ў галаву, што ў гэты момант аднае толькi адвагi будзе недастаткова. Само пiсанне раней не здавалася цяжкiм. Яму заставалася толькi запiсаць на паперы бясконцы ўнутраны маналог, што гадамi гучаў у яго ў галаве. Але цяпер змоўк i той маналог. Да таго ж Ўiнстан адчуў нясцерпны сверб у назе, але не наважыўся дакрануцца, каб не засвярбела яшчэ болей. Мiналi секунды. Ён адчуваў адно некранутую бель аркуша, што ляжаў перад iм, сверб у назе, грымлiвую музыку i лёгкую млявасць ад выпiтага джыну.
|< Пред. 6 7 8 9 10 След. >|