1984 (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
11 из 72
Часам вузкi чырвоны пас - адметны знак АнтысексуальнагаСаюза Моладзi - быў абвязаны вакол талii паверх камбiнезона дастаткова туга, каб падкрэслiць акругласць яе клубоў. Ўiнстан не мог яе цярпець з таго моманту, як першы раз яе ўбачыў. I ён ведаў чаму. З-за духу спортпляцоўкi, халодных купальняў, калектыўных вандровак i агульнай чысцiнi перакананняў, якiм ад яе падыхала. Жанчыны, асаблiва маладыя, - гэта заўсёды слепа адданыя прыхiльнiкi Партыi, бяздумныя паўтаральнiкi лозунгаў, добраахвотныя шпiёны, вывiжоўшчыкi нядобранадзейнасцi. Але гэтая дзяўчына здавалася яму яшчэ больш небяспечнай за iншых. Аднойчы яны размiнулiся ў калiдоры, i яна працяла яго позiркам, нiбы свердлам, i на iмгненне ён адчуў пякельны жах. Ён нават падумаў, што яна магла быць агентам Палiцыi Думак, што, аднак, было непраўдападобна. Аднак, калi яна была недзе паблiзу, ён адчуваў нейкую дзiўную трывогу, у якой адначасна мяшалiся страх i варожасць.
Другой асобай быў мужчына, якi зваўся О'Браэн, сябра Ўнутранай Партыi, якi займаў такую важную i таямнiчую пасаду, што Ўiнстан меў пра яе толькi самае прыблiзнае ўяўленне. Супрацоўнiкi, што стаялi каля крэслаў, суцiхлi, убачыўшы, як да iх наблiжаецца нехта ў чорным камбiнезоне сябры Ўнутранай Партыi. О'Браэн быў высокi, грубаваты з выгляду мужчына з тоўстай шыяй i простым, поўным гумару тварам. Нягледзячы на несамавiтую знешнасць, у яго паставе была нейкая далiкатнасць. Ён умеў неяк асаблiва падпраўляць акуляры на носе, i гэты ягоны рух неяк дзiўна абяззбройваў, выклiкаў прыхiльнасць.
|< Пред. 9 10 11 12 13 След. >|