1984 (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
13 из 72
Двуххвiлiнка Нянавiсцi пачалася.
На экране, як звычайна, з'явiўся твар Ворага Народа Эмануiла Гольдштэйна. Сям-там сярод гледачоў пачуўся свiст. Маленькая жанчына побач завiшчала ад страху i агiды. Гольдштэйн быў рэнегат i адступнiк, якi калiсьцi, вельмi даўно (як даўно - нiхто ўжо дакладна не памятаў), быў адным з кiраўнiкоў Партыi i стаяў ледзь не на адным узроўнi з Вялiкiм Братам, але пасля ўцягнуўся ў контррэвалюцыйную дзейнасць, быў засуджаны на смерць i знiк пры таямнiчых абставiнах. Змест Двуххвiлiнак Нянавiсцi мяняўся з дня на дзень, але не было нiводнай, дзе б Гольдштэйн не выступаў у галоўнай ролi. Ён быў галоўны здраднiк i галоўны спаганшчык чысцiнi Партыi. Усе наступныя антыпартыйныя злачынствы, усе здрады, акты сабатажу, iншадумствы, адхiленнi ад партыйнай лiнii мелi пачаткам яго фальшывае вучэнне. Ён яшчэ недзе жыў i строiў свае падкопы - можа, недзе за акiянам, пад аховай сваiх шчодрых замежных гаспадароў, цi, можа нават, калi верыць чуткам, недзе ў добрым сховiшчы ў самой Акiянii.
Ўiнстану заняло дух. Заўсёды, калi ён бачыў Гольдштэйнаў твар, яго апаноўвалi супярэчлiвыя пачуццi. Гэта быў худы жыдоўскi твар з густою капой кучаравых сiвых валасоў i казлiнай бародкай - разумны i чамусьцi трохi агiдны твар. Доўгi тонкi нос, на канцы якога вiселi акуляры, дадаваў твару старэчасцi. Твар быў падобны да авечае морды, нешта авечае было i ў голасе. Гольдштэйн выступаў са сваiмi звычайнымi злоснымi нападамi на вучэнне Партыi, такiмi недарэчнымi i бязглуздымi, што iх марнасць зразумела б нават дзiця.
|< Пред. 11 12 13 14 15 След. >|