1984 (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
15 из 72
Ён быў больш трывалы аб'ект нянавiсцi, чым Эўразiя або Ўсходазiя, бо калi Акiянiя ваявала з адной дзяржавай, дык звычайна з другой яна заставалася ў стане мiру. Дзiўным было, аднак, тое, што, нягледзячы на ўсеагульную нянавiсць i пагарду, нягледзячы на тое, што кожнага дня тысячу разоў з трыбун, з тэлегляда, у газетах, у кнiгах iдэi Гольдштэйна праклiналiся, абвяргалiся, высмейвалiся, паказвалiся перад грамадствам як нявартая бязглуздзiца, - нягледзячы на ўсё гэта, здавалася, што ўплыў Гольдштэйна нiколi не меншаў. Усё новыя i новыя ахвяры чакалi, каб паддацца ягонай спакусе. Не праходзiла нiводнага дня, каб Палiцыя Думак не выкрывала шпiёнаў i сабатажнiкаў, што дзейнiчалi паводле ягоных загадаў. Ён быў галоўным кiраўнiком вялiкай прывiднай армii, шырокай сеткi падземнiкаў-змоўнiкаў, што мелi за мэту скiнуць урад. Казалi, што гэтая арганiзацыя завецца Братэрства. Хадзiлi таксама пагалоскi аб нейкай жахлiвай кнiзе, дзе былi сабраныя ўсе аблудныя тэорыi, аўтарам якiх быў Гольдштэйн. Кнiга гэтая сям-там патаемна хадзiла па руках i не мела назову. Калi пра яе iшла гаворка, дык казалi проста кнiга. Але пра ўсё гэта можна было даведацца толькi з няпэўных чутак. Звычайныя сябры Партыi старалiся, калi гэта было магчыма, не згадваць у размовах нi Братэрства, нi кнiгi.
На другой хвiлiне Нянавiсць перайшла ў шаленства. Людзi падскоквалi з месцаў i дзiка крычалi, каб заглушыць дурманлiвае бэканне, што гучала з экрана. Маленькая жанчына побач пачырванела i хапала ротам паветра, як выкiнутая на бераг рыбiна. Нават цяжкi твар О'Браэна змянiў колер.
|< Пред. 13 14 15 16 17 След. >|