1984 (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
16 из 72
Ён сядзеў проста, нiбы кiй праглынуўшы, i яго важкае агруддзе надзiмалася i дрыжала, быццам ён змагаўся з навальнай хваляй. Чарнявая дзяўчына, што сядзела за Ўiнстанам, крычала: "Свiння! Свiння! Свiння!" Раптам яна схапiла цяжкi Слоўнiк навамоўя i шпурнула яго ў экран. Ён трапiў Гольдштэйну ў нос i адскочыў. Голас няўмольна гучаў далей. У момант прасвятлення Ўiнстан заўважыў, што ён крычыць разам з усiмi i раз'юшана малоцiць па бiльцы крэсла. Самае жахлiвае ва ўсiм гэтым было не тое, што трэба было саўдзельнiчаць, а, наадварот, тое, што не саўдзельнiчаць было немагчыма. Праз паўхвiлiны ўжо не трэба было прыкiдвацца. Жахлiвае ачмурэнне ад страху i прагi помсты, жаданне забiваць, катаваць, трушчыць молатам галовы працяло, нiбы электрычны ток, усiх гледачоў, ператварыўшы iх мiмаволi ў раз'юшаных вар'ятаў. Але шаленства, якое ахапiла гледачоў, было пачуццём абстрактным, няпэўным, яго можна было перавесцi з аднаго аб'екта на другi, як прамень пражэктара. Так, на нейкi момант Ўiнстан адчуў, што яго нянавiсць накiравана зусiм не на Гольдштэйна, а на Вялiкага Брата, Партыю i Палiцыю Думак. Гэткiмi хвiлiнамi ён iмкнуўся сэрцам да самотнага ерэтыка, аддаванага здзеку i глуму на экране, адзiнага ахоўнiка праўды i здаровага розуму ў свеце хлуснi. Аднак праз хвiлiну Ўiнстан усёй душою быў ужо з людзьмi, што сядзелi навокал, i ўсё, што казалася пра Гольдштэйна, здавалася яму слушным. I тады патаемная агiда да Вялiкага Брата саступала месца гарачай любовi. Вялiкi Брат, непераможны i бясстрашны абаронца Радзiмы, узвышаўся неадольнай скалою перад азiяцкiмi ордамi.
|< Пред. 14 15 16 17 18 След. >|