1984 (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 17 из 72

Гольдштэйн, нягледзячы на адлучанасць, на бяссiльнасць i на сумненне наконт факта яго iснавання, быў падобны да злавеснага чараўнiка, што здольны ўладай свайго голасу разбурыць асновы цывiлiзацыi.

Часамi можна было напружаннем волi скiраваць сваю нянавiсць на той або iншы аб'ект. З намаганнем, роўным таму, з якiм у жахлiвым сне адрываеш галаву ад падушкi, Ўiнстану раптам удалося перанесцi нянавiсць з твару, што быў на экране, на чорнавалосую дзяўчыну, якая сядзела ў яго за спiнай. Перад яго вачыма паўсталi жывыя i яскравыя вобразы. Ён збiвае яе наўмор гумовым кiем. Ён прывязвае яе голую да слупа i дзiравiць яе стрэламi, як святога Себастыяна. Ён гвалцiць яе i ў момант аблягчэння пераразае ёй горла. I ён зразумеў лепш, чым некалi раней, чаму менавiта ён яе ненавiдзеў. Ён ненавiдзеў яе, бо яна была маладая, прыгожая i бясполая, бо хацеў з ёй пераспаць, але не мог i не змог бы нiколi, бо вакол яе тонкай гнуткай талii, якую так i хацелася абняць, быў абвязаны агiдны чырвоны пас - ваяўнiчы сiмвал цнатлiвасцi.

Нянавiсць дасягнула найвышэйшай ступенi. Голас Гольдштэйна змянiўся сапраўдным авечым бэкатам, i на нейкi момант сам Гольдштэйн ператварыўся ў авечку. Пасля авечка незаўважна змянiлася на постаць эўразiйскага салдата, дужага i страшнага, з аўтаматам у руках, ён ступiў наперад i, здалося, выйшаў з экрана, так, што колькi чалавек у першым радзе адкiнулася назад.

|< Пред. 15 16 17 18 19 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]