1984 (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 18 из 72

Але ў наступнае iмгненне зала азвалася глыбокiм уздыхам палёгкi, бо варожы твар на экране растаў, а замест яго з'явiлася чорнавалосае i чарнавусае аблiчча Вялiкага Брата, поўнае сiлы i загадкавага спакою i такое вялiкае, што заняло амаль увесь экран. Нiхто не чуў, што казаў Вялiкi Брат. Гэта былi нейкiя простыя словы для ўзняцця духу, якiя звычайна кажа камандзiр пад час цяжкага бою. Iх нельга было разабраць, але ўжо тое, што яны прамаўлялiся, супакойвала i вяртала веру ў свае сiлы. Тады твар Вялiкага Брата знiк, i замест яго на экране з'явiлiся напiсаныя вялiкiмi лiтарамi тры партыйныя лозунгi:

ВАЙНА ЁСЦЬ МIР

СВАБОДА ЁСЦЬ РАБСТВА

НЯВЕДАННЕ ЁСЦЬ СIЛА

Але здавалася, што твар Вялiкага Брата яшчэ заставаўся некалькi секунд на экране, быццам выява адбiлася ўваччу так моцна, што знiкла не адразу. Маленькая жанчына з пясочнымi валасамi кiнулася да тэлегляда. Дрыготкiмi вуснамi яна прашаптала нешта накшталт "О Збавiцель!" i выцягнула рукi да экрана. Пасля яна закрыла твар рукамi. Было падобна, што яна малiлася.

I тады ўсе прысутныя зацягнулi глыбокi, павольны i рытмiчны спеў: "Вэ-Бэ!.. Вэ-Бэ!.. Вэ-Бэ!.." - яшчэ i яшчэ, вельмi павольна, з доўгай паўзай памiж "Вэ" i "Бэ". Гэта быў цяжкi i гучны шэпт, невымоўна дзiкi, за iм чуўся шоргат босых ног i пошчак тамтамаў. Спеў цягнуўся, можа, паўхвiлiны. Гэтая мелодыя чулася часта, калi вырывалiся на волю неўтрыманыя пачуццi. У нейкiм родзе гэта было нечым накшталт гiмна мудрасцi i велiчы Вялiкага Брата, але яшчэ хутчэй гэта быў акт самагiпнозу, самазгоднае затлумленне свядомасцi начэпным рытмам. У Ўiнстана ад спеву пахаладзела ў жываце.

|< Пред. 16 17 18 19 20 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]