1984 (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 19 из 72

Пад час Двуххвiлiнкi Нянавiсцi ён не мог паўстрымацца ад удзелу ў агульным шаленстве, але гэты нялюдскi спеў "Вэ-Бэ!.. Вэ-Бэ!.." заўсёды поўнiў яго дзiкiм страхам. Вядома ж, ён спяваў разам з усiмi. Iнакш было немагчыма. Прыхоўваць пачуццi, апаноўваць свае рухi, паводзiць сябе так, як iншыя, - усё гэта рабiлася iнстынктыўна. Але на працягу нейкай пары iмгненняў яго вочы маглi яго выдаць. Якраз у гэты момант адбылося штосьцi вельмi важнае - калi яно ўвогуле адбылося.

Яго позiрк на момант сустрэўся з позiркам О'Браэна. О'Браэн устаў. Ён прыўзняў акуляры i характэрным рухам падправiў iх на носе. Але на нейкае iмгненне iх вочы сустрэлiся, i ў гэты адцiнак часу Ўiнстан адчуў - амаль з абсалютнаю пэўнасцю, - што О'Браэн думаў гэтаксама, як i ён. Адбылася перадача думак. Быццам iх душы расчынiлiся i думкi пераляцелi ад аднаго да другога праз вочы. "Я з вамi, - здавалася, казаў О'Браэн. - Я дакладна ведаю вашыя адчуваннi. Я ведаю вашу пагарду, вашу нянавiсць, вашу агiду. Але не бойцеся, я з вамi!" Прамень разумення раптам згас, i твар О'Браэна зноў зрабiўся гэткi ж непранiкальны, як i ўсе iншыя.

Больш нiчога не было, i Ўiнстан пачаў ужо сумнявацца, цi было што ўвогуле. Такiя выпадкi нiколi не мелi нiякiх вынiкаў. Адзiным вынiкам была жывая вера, надзея, што ў Партыi, апроч яго, ёсць яшчэ ворагi. Можа, i праўда, што недзе iснуе шырокi канспiратыўны рух! Можа, i праўда, што iснуе Братэрства! Нягледзячы на шматлiкiя арышты, прызнаннi i пакараннi, было немагчыма ведаць напэўна, што Братэрства не з'яўляецца ўсяго толькi мiфам. Часам ён верыў у гэта, часам - не.

|< Пред. 17 18 19 20 21 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]