1984 (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 20 из 72

Не было нiякiх доказаў, толькi слабыя проблiскi,якiя маглi значыць усё або нiчога: падслуханыя ўрыўкi размоў, неразборлiвыя крамзолi на сценах у прыбiральнях або нават лёгкi рух рукой пры сустрэчы двух незнаёмых людзей, якi мог быць паролем. Усё гэта былi толькi здагадкi. Магчыма, ён усё сам сабе навыдумляў. Ён вярнуўся ў свой кабiнет, не зiрнуў болей на О'Браэна. Думка працягнуць iх iмгненны кантакт ледзь закранула ягоны мозг. Гэта было б занадта небяспечна, нават калi б ён ведаў, як гэта зрабiць. За адну-дзве секунды яны абмянялiся двухсэнсоўным позiркам, i на гэтым усё скончылася. Але ў той невымоўнай адзiноце, у якой усе мусiлi жыць, нават такая падзея надоўга западала ў памяць.

Ўiнстан устаў i выпрастаўся. Яму адрыгнулася - джын паднiмаўся са страўнiка.

Яго ўвага зноў засяродзiлася на паперы. Ён убачыў, што пакуль ён лунаў у летуценнях, яго рука аўтаматычна пiсала. Гэта быў ужо не той нязграбны сцiснуты почырк. Пяро пажадлiва слiзгала па гладкай паперы, выпiскаючы вялiкiя выразныя лiтары:

ДАЛОЎ ВЯЛIКАГА БРАТА

ДАЛОЎ ВЯЛIКАГА БРАТА

ДАЛОЎ ВЯЛIКАГА БРАТА

ДАЛОЎ ВЯЛIКАГА БРАТА

ДАЛОЎ ВЯЛIКАГА БРАТА

I гэтак была спiсана палова старонкi.

Ён не здолеў перамагчы прыступ панiкi. Сэнсу ў гэтым не было, бо напiсаць гэтыя словы было не больш небяспечна, чым пачаць весцi дзённiк, але на нейкi момант яго ахапiла жаданне вырваць спiсаныя старонкi i ўвогуле кiнуць гэтую задуму.

Але ён не зрабiў гэтага, бо ведаў, што ў гэтым не было сэнсу.

|< Пред. 18 19 20 21 22 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]