1984 (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
21 из 72
Напiсаў бы ён або не "ДАЛОЎ ВЯЛIКАГА БРАТА" - было не iстотна. Працягваў бы ён або не пiсаць свой дзённiк - было не iстотна. Ва ўсялякiм разе, ад Палiцыi Думак яму не ўцячы. Ён учынiў - i ўчынiў бы, нават калi б нiколi не ўзяў у рукi пяра i паперы, - найстрашнейшае злачынства, якое змяшчала ў сабе ўсе iншыя. Злачынства думкi, або, як казалi, - думзлачынства. Думзлачынства немагчыма было хаваць вечна. Нейкi час, можа, нават некалькi гадоў яшчэ можна было неяк выкручвацца, але раней цi пазней наступала расплата.
Арыштоўвалi заўсёды ўначы. Нечаканае абуджэнне, дужая рука, што трасе за плячук, лiхтары асляпляюць вочы, суровыя твары вакол ложка. У пераважнай большасцi выпадкаў не адбывалася нiякiх судоў, не складалася нiякiх пратаколаў. Людзi проста знiкалi, i заўсёды ўначы. Iмя выкрэслiвалi са спiсаў, усе сляды чалавека знiшчалi, усё папярэдняе жыццё выкасоўвалi, i яно забывалася. Чалавека сцiралi з памяцi, ператваралi ў нiшто, рабiлi параю, яго выпарвалi - так гучала звычайна ўжыванае слова.
На хвiлiну яго ахапiла нiбы iстэрыка, i ён зноў пачаў пiсаць крывымi нязграбнымi лiтарамi:
яны прыкончаць мяне мне напляваць яны стрэляць мне ў патылiцу напляваць далоў вялiкага брата яны заўсёды страляюць у патылiцу мне напляваць далоў вялiкага брата...
Трохi збянтэжаны, ён выпрастаўся i адклаў пяро. Раптам ён здрыгануўся: нехта пагрукаў у дзверы!
Няўжо так хутка! Ён сядзеў цiха, як мышка, песцячы марную надзею, што той, хто стаiць за дзвярыма, пойдзе пасля няўдалай спробы. Але ж не, пагрукалi яшчэ раз. Цяпер ужо нельга было марудзiць.
|< Пред. 19 20 21 22 23 След. >|