1984 (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 32 из 72

Якi-небудзь пранiклiвы фанатык у Мiнiстэрстве (хутчэй нават жанчына - тая маленькая з пясочнымi валасамi або чарнявая з аддзела мастацкай лiтаратуры) мог бы зацiкавiцца, чаму ён нешта пiсаў пад час перапынку на абед, чаму ён ужыў для гэтага старасвецкае пяро i што ён пiсаў - а пасля даў бы знак адпаведным органам. Ён пайшоў у ванны пакой i старанна адмыў плямы цёмна-рудым пясочным мылам, якое драла рукi, як наждачная папера, i таму цяпер як найлепей прыдалося.

Ён засунуў дзённiк у шуфляду стала. Хаваць яго не было сэнсу, але ён мог, прынамсi, прыняць захады, каб даведацца, цi хто пад час яго адсутнасцi не знайшоў яго дзённiк. Закладзены мiж старонак волас занадта б кiдаўся ў вочы. Ён падчапiў кончыкам пальца ледзь бачны белы драбочак пылу i паклаў яго на рог вокладкi - ён адразу ўпадзе, калi хто возьме альбом.

3

Ўiнстан снiў мацi.

Яму было гадоў дзесяць-адзiнаццаць, калi яго мацi знiкла. Гэта была высокая, самавiтая, даволi спакойная жанчына з павольнымi рухамi i цудоўнымi светлымi валасамi. Бацька прыгадваўся яму невыразна: чарнявы i худы, заўсёды ў густоўным чорным гарнiтуры (асаблiва добра Ўiнстану запомнiлiся вельмi тонкiя падэшвы бацькавых чаравiкаў) i ў акулярах. Праўдападобна, абое сталiся ахвярамi адной з першых хваляў вялiкiх чыстак 50-х гадоў.

У сне мацi сядзела недзе далёка ўнiзе i трымала на руках яго маленькую сястрычку. Ён помнiў сястру толькi кволым, хваравiтым, заўсёды маўклiвым дзiцём з вялiкiмi ўважлiвымi вачыма. Абедзве глядзелi з долу на яго.

|< Пред. 30 31 32 33 34 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]