1984 (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 34 из 72

I яшчэ таму, што яна нейкiм чынам - ён ужо не ведаў як - ахвяравала сабой дзеля непахiснае вернасцi. Цяпер штосьцi падобнае было немагчымае. Цяпер iснавалi страх, нянавiсць i боль, але не было годных пачуццяў, не было глыбокага i сапраўднага смутку. Здавалася, ён бачыў гэты смутак у вачах у мацi i сястры, калi яны глядзелi на яго скрозь зялёную ваду, ужо далёка ўнiзе, апускаючыся ўсё глыбей i глыбей.

Раптам ён апынуўся на пругкiм дзiрване, быў летнi вечар. Косыя промнi сонца залацiлi зямлю. Краявiд гэты так часта вяртаўся да яго ў снах, што ён ужо не быў пэўны, цi не бачыў ён яго ў рэальным жыццi. Ён зваў яго Залатой Краiнай. Гэта быў стары трусiны выган, сям-там паточаны кратавiннем, пасярод яго ў траве гублялася сцежачка. У здзiчэлым жываплоце па той бок поля пяшчотна гайдалiся пад цёплым ветрыкам галiнкi вязу, i лiсце калыхалася густымi хвалямi, нiбы валасы жанчыны. Недзе зусiм блiзка павольна цякла нябачная ручаiнка, у якой пад нiцымi вербамi мiтусiлiся маленькiя рыбкi.

Чорнавалосая дзяўчына iшла да яго праз поле. Адным рухам яна сцягнула з сябе адзенне i рашуча адкiнула яго ўбок. Цела яе было белае i гладкае, аднак яно не абуджала ў iм нiякага жадання, ён нават не надта ўважлiва на яго глядзеў. Ён быў зачараваны тым рухам, якiм яна адкiнула адзенне. Здавалася, што яе павабнасць i бестурботнасць здольныя знiшчыць цэлую цывiлiзацыю, цэлую сiстэму iдэй, быццам ад аднаго гэткага ўзмаху рукi могуць знiкнуць назаўсёды i Вялiкi Брат, i Партыя, i Палiцыя Думак. Гэты ўзмах рукi таксама быў са старых часоў. Ўiнстан прачнуўся са словам "Шэкспiр" на вуснах.

|< Пред. 32 33 34 35 36 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]