1984 (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
33 из 72
Яны былi глыбока ўнiзе - на дне шахты або ў вельмi глыбокай магiле, i лапiк зямлi,на якiм яны сядзелi, апускаўся ўсё глыбей i глыбей. Яны былi ў каюце карабля, што iшоў на дно, i глядзелi ўгору на яго скрозь ваду, што ўсё болей i болей цямнела. У каюце яшчэ было паветра, яны яшчэ маглi бачыць яго, а ён iх, але ўвесь час яны апускалiся ўсё глыбей i глыбей у зялёныя воды, што праз нейкi момант павiнны былi пахаваць iх назаўсёды. Вакол яго было святло i паветра, а яны памiралi, яны былi ўнiзе, таму што ён застаўся наверсе. I ён i яны гэта ведалi, ён мог прачытаць гэтае веданне ў iх тварах. Але нi ў iх тварах, нi ў iх сэрцах не было папроку, толькi ўсведамленне таго, што яны павiнны памерцi, каб ён застаўся жыць, i што гэткi быў непазбежны лад рэчаў.
Ён не мог згадаць, што адбылося ў сапраўднасцi, але ў сваiм сне ён ведаў, што мацi i сястра ахвяравалi сваiм жыццём дзеля яго. Гэта быў адзiн з тых сноў, якiя, хоць i захоўваюць уласцiвыя снам атрыбуты, з'яўляюцца працягам свядомых разумовых працэсаў i ў якiх выяўляюцца факты i думкi, што i пасля абуджэння здаюцца арыгiнальнымi i каштоўнымi. Раптам Ўiнстан зразумеў, што смерць мацi амаль трыццаць гадоў таму несла з сабою трагiзм i смутак пачуццi, якiя сёння ўжо не iснавалi. Смутак, думаў ён, - гэта нешта з тых даўнiх часоў, калi яшчэ iснавалi чуллiвасць, каханне i сяброўства i калi сямейныя дапамагалi адзiн аднаму, не маючы на гэта асаблiвае прычыны. Успамiны пра мацi былi балючыя, бо яна памерла праз любоў да яго, калi сам ён яшчэ быў занадта малы i эгаiстычны, каб адказаць на гэтую любоў.
|< Пред. 31 32 33 34 35 След. >|