1984 (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 35 из 72



З тэлегляда чуўся пранiзлiвы свiст, бесперапынны аднастайны сiгнал, што цягнуўся трыццаць секунд. Было нуль сем пятнаццаць - час пад'ёму службоўцаў. Ўiнстан саскочыў з ложка - голы, бо сябра Знешняй Партыi атрымлiваў на год толькi тры тысячы талонаў на адзенне, а пiжама каштавала шэсцьсот - i схапiў з крэсла зашмальцаваную майку i трусы. Праз тры хвiлiны пачыналася Ранiшняя гiмнастыка. Але раптам ён зайшоўся моцным кашлем, якi амаль заўсёды нападаў на яго, адно ён прачынаўся. Кашаль спустошыў лёгкiя, i ён мусiў ляжаць пластом на спiне i прагна хапаць ротам паветра. Ад напружання напухлi жылы i засвярбела язва на назе.

- Група ад трыццацi да сарака! - пранiзлiва вiшчаў жаночы голас. - Група ад трыццацi да сарака! Калi ласка, заняць месцы! Ад трыццацi да сарака!

Ўiнстан стаў па стойцы "смiрна" перад тэлеглядам, у якiм ужо паказалася жанчына-трэнерка, яшчэ не старая, худая i жылiстая, у трыко i спартовых чаравiках.

- Рукi сагнуць i разагнуць! - камандавала яна. - Разам са мной. Раз, два, тры, чатыры! Раз, два, тры, чатыры! Ну, таварышы, жывей, жывей! Раз, два, тры, чатыры!..

Пакутлiвы прыступ кашлю не выцеснiў да канца Ўiнстанавы ўражаннi ад сну, а рытмiчныя рухi гiмнастыкi нават яшчэ болей iх асвяжылi. Пакуль ён машынальна кiдаў рукi ўперад i ўзад i рабiў пры гэтым задаволены твар - як лiчылася патрэбным пад час Ранiшняй гiмнастыкi, - ён напружана спрабаваў аднавiць у памяцi цьмяныя часы свайго маленства. Гэта было надзвычай цяжка. Усё, што адбылося да канца 50-х гадоў, сцерлася з памяцi.

|< Пред. 33 34 35 36 37 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]