1984 (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
37 из 72
Урэшце яны дабралiся да перапоўненага людзьмi памяшкання, у якiм ён пазнаў станцыю падземкi.
На выкладзенай плiткаю падлозе паўсюль скурчыўшыся сядзелi людзi, iншыя сядзелi, цесна скупiўшыся, на лавах каля сцен. Ўiнстан, мацi i бацька знайшлi месца на падлозе, побач з iмi на лаве сядзелi, шчыльна прытулiўшыся адно да аднаго, стары i старая. Стары быў апрануты ў добры цёмны гарнiтур, з-пад чорнага брыля тырчалi сiвыя валасы. Ягоны твар быў пунсовы, блакiтныя вочы поўныя слёз. Ад яго моцна пахла джынам, здавалася, што яго скура выдзяляла джын замест поту, i можна было падумаць, што нават слёзы, што кацiлiся з яго вачэй, былi чыстым джынам. Але нягледзячы на ап'янеласць, ён пакутаваў ад нейкага гора, сапраўднага i нясцерпнага. Сваiм дзiцячым розумам Ўiнстан адчуваў, што толькi што здарылася нешта жахлiвае, нешта недаравальнае, назаўжды непапраўнае. Яму нават здавалася, быццам ён ведае, што здарылася. Загiнуў нехта, каго гэты стары вельмi любiў, можа, яго маленькая ўнучка. Штохвiлiны стары ўзрушана казаў:
- Не трэба было iм верыць. Я ж заўсёды казаў, цi ж не так? Усё гэта з-за таго, што мы iм верылi. Я заўсёды казаў. Не трэба было верыць гэтым нягоднiкам.
Але якiм нягоднiкам не трэба было верыць, пра гэта Ўiнстан цяпер ужо не мог прыгадаць.
I якраз з таго часу вайна лiтаральна зрабiлася штодзённай з'явай, хоць, уласна кажучы, гэта ўжо была не заўсёды тая самая вайна. Калi ён быў малы, у самiм Лондане некалькi месяцаў iшлi зацятыя вулiчныя баi, пра некаторыя з iх ён яшчэ вельмi добра памятаў.
|< Пред. 35 36 37 38 39 След. >|