1984 (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
39 из 72
Ён, Ўiнстан Смiт, ведаў, што Акiянiя не даўней як усяго чатыры гады таму была ў альянсе з Эўразiяй. Але дзе iснавала гэтае веданне? Толькi ў яго свядомасцi, якая ў хуткiм часе непазбежна расцярушыцца на пыл. I калi ўсе iншыя верылi ў ману, якую навязвала Партыя, калi ўсе пiсьмовыя запiсы падзей гучалi аднолькава, тады мана ўваходзiла ў гiсторыю i рабiлася праўдай. "Хто кантралюе мiнуўшчыну - той кантралюе будучыню, хто кантралюе цяпер - той кантралюе мiнуўшчыну", гучаў партыйны лозунг. I ўсё ж мiнуўшчына, якой бы зменлiвай ад прыроды яна нi была, нiколi не мянялася. Сённяшняя iсцiна была iсцiнай спрадвеку i назаўсёды. Гэта было вельмi проста. Патрэбная была толькi няспынная чарада перамог над уласнаю памяццю. Гэта называлася "кантроль рэчаiснасцi", або на навамоўi "двухдумства".
- Вольна! - гыркнула трэнерка ўжо трохi прыязней.
Ўiнстан апусцiў рукi i павольна набраў у лёгкiя паветра. Яго думкi блукалi ў заблытаным сусвеце двухдумства. Ведаць i не ведаць; быць упэўненым у сваёй праўдзiвасцi, расказваючы старанна збудаваную ману; адначасна падтрымлiваць два ўзаемавыключальныя меркаваннi, ведаць, што яны супярэчаць адно аднаму, i верыць у абодва; абвяргаць логiку логiкай; адкiдаць мараль, адначасна ёю прыкрываючыся; верыць, што дэмакратыя немагчымая i што Партыя, аднак, ёсць аплот дэмакратыi; забыцца на тое, на што цябе вымушаюць забыцца, каб пасля, калi будзе трэба, зноў успомнiць пра гэта, аднавiць забытае ў памяцi, а пасля зноў старанна забыцца; i перадусiм - выкарыстоўваць супраць ужытага прыёму той самы прыём.
|< Пред. 37 38 39 40 41 След. >|