1984 (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
40 из 72
У гэтым была найвялiкшая хiтрасць: свядома прыкрывацца несвядомасцю i рабiць выгляд, што не заўважыў толькi што праведзенага табою сеансу гiпнозу. Нават каб зразумець слова "двухдумства", трэба было ўжыць двухдумства. Трэнерка зноў скамандавала "смiрна". - А зараз ну-тка паглядзiм, хто з нас можа дастаць пальцы на нагах! - вымавiла яна з падкрэсленай бадзёрасцю. - У поясе са-гнуцца! Раз - два! Раз - два!..
Ўiнстан ненавiдзеў гэтае практыкаванне, бо яно прычыняла нясцерпны боль у нагах ад пят да азадка i часта канчалася новым прыступам кашлю. Яго пакiнулi ўсе хоць колькi прыемныя думкi. Мiнуўшчына, падумаў ён, не толькi мянялася, яна проста знiшчалася. Бо як можна было пацвердзiць нават самыя вiдавочныя факты, калi пра iх не было нiякай iнфармацыi, акрамя сваiх успамiнаў? Ён паспрабаваў прыгадаць, у якiм годзе ён упершыню пачуў пра Вялiкага Брата. Яму здавалася, што гэта было ў 60-я гады, але ён не мог ведаць напэўна. Вядома ж, згодна з партыйным выкладам гiсторыi, Вялiкi Брат выступаў як правадыр i вартавы Рэвалюцыi ад самых яе вытокаў. Яго подзвiгi паступова адсоўвалiся назад у часе, пакуль не дасягнулi мiфiчнага свету саракавых i трыццатых гадоў, калi капiталiсты ў сваiх дзiвосных цылiндрычных капелюшах яшчэ ездзiлi па вулiцах Лондана ў сваiх блiскучых аўтамабiлях або экiпажах з бакавымi вокнамi. Нiхто не ведаў, колькi ў гэтай легендзе было праўды, а колькi прыдуманага. Ўiнстан не мог нават прыгадаць, калi ўпершыню з'явiлася на свет сама Партыя.
|< Пред. 38 39 40 41 42 След. >|