1984 (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 4 из 72

Цi заўсёды iснавалi гэтыя доўгiя праспекты разваленых дамоў дзевятнаццатага стагоддзя, падпертыя бэлькамi сцены, кардон у вокнах замест шыбаў, крытыя пакарабачанай бляхай, струхлелыя i пахiленыя ў розныя бакi садовыя агароджы? Цi заўсёды iснавалi бамбардаваныя пазiцыi, дзе ў паветры стаiць пыл ад тынку, а на завалах друзу буяе скрыпень? Цi iснавалi тыя пляцы, дзе бомбы вызвалiлi трошкi прасторы i дзе павырастала безлiч брудных драўляных буданоў, падобных да курнiкаў? Але нiчога не прыгадвалася: у Ўiнстана не засталося ад дзяцiнства нiчога, акрамя некаторых бязладных, яркiх карцiн.

Мiнiстэрства Праўды - Мiнпраў на навамоўi* - уражвала сваёй адметнасцю сярод навакольных будынкаў.

* Навамоўе - афiцыйная мова Акiянii. Пра яго структуру i этымалогiю гл. Дадатак. (Заўв. аўт.)

Гэта была велiзарная пiрамiда са сляпуча-белага бетону. Яна грувасцiлася на трыста метраў у вышыню. Нават з акна сваёй кватэры Ўiнстан мог прачытаць на фасадзе надпiс - тры галоўныя партыйныя лозунгi:

ВАЙНА ЁСЦЬ МIР

СВАБОДА ЁСЦЬ РАБСТВА

НЯВЕДАННЕ ЁСЦЬ СIЛА

У будынку Мiнiстэрства Праўды, паводле чутак, было больш за тры тысячы пакояў у надземных паверхах i адпаведныя адгалiнаваннi ў падзем'i. У розных канцах Лондана было яшчэ тры будынкi такiх самых памераў i выгляду. Яны настолькi панавалi над усёю навакольнаю архiтэктурай, што з даху дамовага блока "Перамога" можна было ўбачыць усе чатыры будынкi адначасна. У iх мясцiлiся чатыры Мiнiстэрствы, што дзялiлi памiж сабою ўсю ўрадавую ўладу. Мiнiстэрства Праўды займалася iнфармацыяй, забавамi, адукацыяй i мастацтвам. Мiнiстэрства Мiру займалася вайной. Мiнiстэрства Любовi сачыла за выкананнем законаў i захаваннем парадку. Мiнiстэрства Дастатку адказвала за эканомiку. На навамоўi яны называлiся: Мiнпраў, Мiнмiр, Мiнлюб i Мiндаст.

Найстрашнейшае з iх было Мiнiстэрства Любовi.

|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]