1984 (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 5 из 72

У будынку не было нiводнага акна. Ўiнстан нiколi туды не заходзiў i нават нiколi не падыходзiў да яго блiжэй за паўкiламетра. Гэта было месца, праход куды быў закрыты, калi толькi не з афiцыйнаю справай. Каб туды трапiць, трэба было прайсцi праз заблытаныя лабiрынты калючага дроту, сталёвыя дзверы, прамiнуць замаскаваныя кулямётныя гнёзды. Па вулiцах, што вялi да Мiнiстэрства, хадзiлi вартавыя ў чорных мундзiрах з нялюдскiмi тварамi, з кiямi ў руках.

Ўiнстан рэзка павярнуўся. Ён удаў на твары спакойны аптымiзм - так было надзейней, калi стаiш тварам да тэлегляда, - i прайшоў праз увесь пакой у невялiчкую кухню. Пайшоўшы так рана з Мiнiстэрства, ён ахвяраваў сваiм абедам у сталоўцы, хоць ведаў, што на кухнi не знойдзе нiчога, апроч акрайчыка чорнага хлеба, пакiнутага на заўтрашняе сняданне. Ён узяў з палiцы бутэльку з празрыстай вадкасцю. На белай налепцы стаяў надпiс: ДЖЫН ПЕРАМОГА. Ад вадкасцi патыхала алеiстым смуродам, агiдным, як пах кiтайскай рысавай гарэлкi. Ўiнстан налiў амаль поўны кубак, набраўся духу, як перад ударам, i пракаўтнуў джын, нiбы нейкi лек.

Умомант твар яго пачырванеў, у вачах заблiшчалi слёзы. Пiтво было моцнае, як азотная кiслата, i, як глынеш, здавалася, што нехта выцяў цябе па патылiцы гумовым кiем. Праз хвiлiну, аднак, пякотка ў страўнiку сунялася, i свет зрабiўся весялейшы. Ён выцягнуў цыгарэту са скамечанага пачка з надпiсам ЦЫГАРЭТЫ ПЕРАМОГА, але, праз неасцярожнасць, узяў яе старчма, i тытунь высыпаўся на падлогу. З наступнай цыгарэтай яму пашэнцiла болей.

|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]