1984 (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 6 из 72

Ён вярнуўся ў пакой i сеў за маленькi столiк злева ад тэлегляда. Сеўшы, дастаў з шуфляды асадку з пяром, чарнiла, чысты тоўсты том iн-кварта з мармуроваю вокладкай i чырвонаю спiнкай.

Тэлегляд у пакоi быў чамусьцi ўсталяваны ў нязвыклым месцы. Замест таго каб быць, як гэта здавалася б нармальным, у дальняй сцяне, адкуль ён ахапляў бы зрокам i слыхам увесь пакой, ён мясцiўся ў даўжэйшай сцяне, насупраць акна. Збоку, там, дзе цяпер сядзеў Ўiнстан, была неглыбокая нiша, якая, вiдаць, планавалася пад кнiжныя палiцы. Усунуўшыся як мага далей у гэтую нiшу, Ўiнстан мог заставацца па-за дасягальнасцю тэлегляда. Яго можна было пачуць, але пакуль ён так сядзеў, ён быў нябачны. Гэтыя асаблiвасцi пакоя таксама нейкiм чынам прычынiлiся да нараджэння iдэi, якую ён збiраўся зараз ажыццявiць.

Але iдэя гэтая была выклiкана яшчэ й iснаваннем альбома, якi ён дастаў з шуфляды. Гэта была надзвычай прыгожая кнiга. Гладкая, iльсняная папера, трохi пажоўклая ад часу, была незвычайнае якасцi, такое не выраблялi ўжо гадоў сорак. Ўiнстан, аднак, меркаваў, што кнiга гэтая значна старэйшая. Аднаго дня, праходзячы старым брудным кварталам (ён ужо не памятаў, дзе дакладна гэта было), ён убачыў гэтую кнiгу ў вiтрыне занядбанай антыкварнай крамы, i яго ахапiла неадольнае жаданне яе займець. Сябрам Партыi не дазвалялася заходзiць у простыя крамы (гэта называлася "купляць на вольным рынку"), але правiла гэтае строга не выконвалася, бо былi рэчы, як, напрыклад, матузкi да чаравiкаў, лёзы, якiя немагчыма было здабыць iнакш.

|< Пред. 4 5 6 7 8 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]